ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.

2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.

3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)