валася́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Невялікая пеўчая птушка атрада вераб’іных з тонкай шылападобнай дзюбай.
валася́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і ціпчак.
валасяны́, ‑ая, ‑ое.
Які складаецца з валасоў. Валасяное покрыва. // Зроблены з валасоў. Валасяная сетка.
валато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.
Абл. Курган, у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваны легендарныя асілкі-волаты. На магілцы-валатоўцы Зарунеюць кветак руні. Зайдзе сонца, узыдзе сонца... Сні, таварыш, аб Камуне! Купала. Я часта прыпыняюся каля сталоў, Дзе разлажылі прадаўшчыцы зёлкі, Сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.
валато́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і волатаўскі. [Жадзейка:] — Спіць маладосць сном валатоўскім. Машара. Вось ён стаіць перад намі валатоўскага росту сібірак. «Звязда».
валаха́ты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Калматы. Пра бацькавага бацьку, валахатага, шыракатварага дзеда Пятра, хадзіла па мястэчку пагалоска. Навуменка.
валацу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цузе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Бяздомны чалавек, які не мае пэўнага прыстанішча і заняткаў; бадзяга. Бежанства зблытала.. [Сёмкавы] разлікі, выбіла з-пад ног падпору і вось — перад.. [Рыгорам] бяздомны валацуга. Гартны. // Лаянк. Пра таго, хто любіць валачыцца, цягацца без справы.
валацу́жнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і валацуга.
валацу́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які звязаны з валацужніцтвам.
валацу́жніцтва, ‑а, н.
Разм. Стан, спосаб жыцця валацугі. Пратэст у.. асяроддзі [беспрацоўных] часта прымае пасіўныя формы: эміграцыя або валацужніцтва па краю ў пошуках работы. У. Калеснік. // Пагард. Частак перамена месца жыхарства, працы.