Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.

1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.

2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.

3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.

•••

Зямны шар — планета Зямля.

Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».

Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

шараба́н, ‑а, м.

1. Адкрыты чатырохколавы экіпаж з папярочнымі сядзеннямі ў некалькі радоў.

2. Аднаконны двухколавы экіпаж; кабрыялет.

[Фр. char-à-bancs.]

шарава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шараваць ​2.

шарава́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шараваць ​1.

шарава́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шараваць ​2.

шарава́ры, ‑аў; адз. няма.

Доўгія шырокія штаны, сабраныя каля шчыкалатак, якія звычайна мужчыны засоўваюць у боты, а жанчыны носяць навыпуск. Мужчыны носяць шырокія, увабраныя ў боты шаравары, доўгія, ніжэй калена, вышываныя кашулі. Сачанка. // Шырокія спартыўныя штаны (доўгія ці кароткія). Хлопчыку цёпла ў шарсцяным світэры і лыжных шараварах. Шыловіч.

[Перс.]

шарава́ты, ‑ая, ‑ае.

З шэрым адценнем, па колеру блізкі да шэрага. Вечарам, як толькі прагоняць статак, вісіць над дарогамі, над вуліцай шараватая пялёнка дыму. Навуменка.

шарава́цца 1, ‑руецца; незак.

Зал. да шараваць ​1.

шарава́цца 2, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Разм. Церці сябе чым‑н. Шаравацца вяхоткай.

2. Церці, закранаць сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета, рухаючыся ўзад і ўперад. Чуваць было, як уздыхаў конь, зрэдку шараваўся аб сцяну ці аб жолаб. Чорны. [Гілёрык] чуў як бы нейкі шум, але сам не мог разабраць, ці то пчолы гудуць, ці вулей шаруецца аб салому. Колас.

3. Зал. да шараваць ​2.

шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.

шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.

2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.

шаравы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шара (у 1 знач.). Шаравая паверхня. // Які мае форму шара; шарападобны. Шаравая маланка. Шаравыя міны.

2. Які мае ў сваёй будове, канструкцыі шарападобныя часткі. Шаравы клапан. □ Шаравыя млыны таксама мяняць трэба на больш моцныя. Карамазаў.

шара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Загадка, у якой загаданае слова падзяляецца на часткі, кожная з якіх — самастойнае слова, якое трэба адгадаць, каб выйшла галоўнае слова (напрыклад: Я — майка: востраў Ямайка).

[Фр. charade.]