Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

валасе́нь, ‑сня, м.

1. Паразітычны вадзяны чарвяк, падобны на волас.

2. Хвароба скуры ног у чалавека і жывёлы ў выглядзе язваў.

валасі́на, ‑ы, ж.

Адзінкавы волас. — Добрае лета сёлета будзе. Ураджайнае, — пагладжваў рэдкія валасіны барады Хасан. Даніленка.

валасі́сты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае валакністую будову. Валасісты азбест.

валаско́вы, ‑ая, ‑ае.

Тонкі, як волас; капілярны.

валасні́к, ‑а, м.

Спец. Тонкае адгалінаванне кораня расліны.

валасніко́вісты, ‑ая, ‑ае.

Спец. З вялікай колькасцю тонкіх карэньчыкаў. Валасніковісты корань.

валасні́ца, ‑ы, ж.

Уст. Грубая валасяная (шарсцяная) адзежа, якую надзявалі на голае цела пустэльнікі-манахі ў знак пакоры.

валасны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да воласці. Валасное праўленне. Валасны суд, камітэт. // Які служыць у воласці. Валасны пісар.

валасня́, ‑і, ж.

1. зб. Пасма валасін з конскага хваста.

2. Лёска, звітая з такіх валасін. Знайшоўшы ладнага чарвяка пад купінай.., [Васіль] зрабіў насадку, папляваў на яе дзеля рыбацкага шчасця і закінуў вуду далей ад берага — на ўсю валасню. Якімовіч.

3. зб. Пагард. Калматыя пасмы валасоў чалавека або шэрсці жывёлы; патлы.

валасо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да волас (у 1 знач.); маленькі, кароткі волас.

2. Ніткападобныя варсінкі на скурцы раслін. Каранёвыя валаскі.

3. Тонкая металічная ніць, дроцік у якім‑н. прыборы, механізме. Валаскі [лямпачак] былі распалены як след, да жоўтага колеру, але апарат чамусьці маўчаў. Краўчанка.

•••

Вісець (ліпець) на валаску (на павуцінцы) гл. вісець.

На валасок (валаску) ад смерці — вельмі блізка ад смерці. Не раз выпадала быць на валаску ад смерці. Марціновіч.