Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.

2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.

3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.

шапту́н, ‑а, м.

1. Той, хто шэпча (у 1 знач.) або шэпчацца з кім‑н. Аднак Кірыла не ўсіх пераканаў, чуліся галасы шаптуноў: Калі ты такі порсткі, дык ідзі сабе, а нам і дня хопіць, не гарыць. Гурскі. [Гудкевіч:] — Гэй, шаптуны! Годзе спрачацца. Языкі за зубы — пад’язджаем да вёскі. М. Ткачоў.

2. Той, хто займаецца даносамі, тайна паклёпнічае, распаўсюджвае якія‑н. чуткі. [Харытон:] — Ды хіба ж аб гэтым варта каму хваліцца? І сярод парабкаў шаптуны ёсць. Бажко.

3. Знахар, чараўнік. Фэлька не прызнаваў ні дактароў, ні шаптуноў. С. Александровіч.

шапту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Жан. да шаптун.

шапчы́на, ‑ы, ж.

Разм. зневаж. Несамавітая шапка.

шапяля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць шапялявага; шапялявае вымаўленне. Гэты лёгкі польскі акцэнт, гэтую ледзь прыкметную шапялявасць Шурка недзе чуў. Мехаў.

шапяля́віць, ‑ляўлю, ‑лявіш, ‑лявіць; незак.

Вымаўляць мяккія с, з з шыпячым адценнем. Калісьці, рамантуючы прыёмнікі, Мішка адкусваў дроцікі, павышчарбляў зубы і цяпер шапялявіў: — А ш чым я аштануша? Карпюк. — Зрабіць так, як ніводная высакародная літоўка не зробіць?! — шапялявіў .. [Парэчкус], быццам нешта не месцілася ў яго роце. Броўка.

шапяля́вы, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляе мяккія с, з з шыпячым адценнем. Шапялявае дзіця. □ Прыбіўся нейкі матчын сваяк з Хвоенкі, барадаты, шапялявы. Мележ. // Няправільны, скажоны ў вымаўленні мяккіх с, з. Шапялявае вымаўленне. □ Бабка Кацярына спыніла працу і, разглядаючы .. [піянераў] з-пад далоні, адказала ціхім шапялявым голасам. Якімовіч.

шапяля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапяляць.

шапяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм. Невыразна вымаўляць некаторыя гукі. Пачынаецца гульня ў даміно. Коля гуляе, як дарослы. Хутка і сур’ёзна абдумвае хады і амаль ніколі не памыляецца. Малы Шурпель.., наадварот, моцна стукае касцямі, злуецца і, як заўсёды ў такіх выпадках, пачынае шапяляць. Васілевіч.

шапяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да шаптаць.