струпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Ледзь праяўляць жыццё. // Стаць трупам.
струпяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і струпелы.
2. перан. Які спужаўся, скамянеў ад страху.
струпяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Тое, што і струпець.
2. перан. Вельмі спужацца, скамянець ад страху. Калі назвалі Арсенева прозвішча,.. [Пронька] аж струпянеў ад страху, чуў, як адняліся ногі. Каваленка.
стру́сіць, струшу, струсіш, струсіць; зак.
Разм. Адчуць страх, боязь; спалохацца, спужацца. Грышка струсіў. І наогул заўсёды ён усяго баяўся. Якімовіч.
струхле́лы, ‑ая, ‑ае.
Які струхлеў, ператварыўся ў парахню; сатлелы, гнілы. Маленькія, струхлелыя ад часу хаты стаялі з паўгінанымі сценамі, як бы чакаючы, калі іх прыбяруць. Броўка. [Хаціна] нібы ўрасла ў зямлю, ад старасці асела, ледзь трымаючы на сабе імш[ы]стую шапку струхлелай страхі. Хведаровіч.
струхле́ць, ‑ее; зак.
Стаць трухлявым, ператварыцца ў парахню; сатлець, згніць. [Дзядзька:] — А вось наша хата адно што ліпіць. Як скажуць у сяло пераносіць то хоць плач. Палавіну дакладу трэба, па самыя вокны ўсё струхлела. Дамашэвіч. Паркан за гады струхлеў, хістаўся ад ветру, і Платон узяўся ставіць новы. Ракітны. Залатыя паляны пачарнелі, апалае лісце струхлела і ўжо не шамацела пад нагамі. Хомчанка. // перан. Страціць жыццёвасць. Стары свет дашчэнту прагніў, струхлеў. Гурскі.
струхне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і струхлелы. І яшчэ .. [Ігнат] падумаў, што не паспеў сёлета падважыць хату, каб замяніць два струхнелыя вянкі. Чыгрынаў.
струхне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Тое, што і струхлець. [Патапавіч:] — Плот унь усюды струхнеў. Кулакоўскі. Што ж здарылася? Пень стаяў, можа, сто гадоў. Увесь ён струхнеў. Магутныя карані ягоныя ў зямлі таксама струхнелі. Дубоўка.
струхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што. Скінуць, стрэсці каго‑, што‑н. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб струхнуць яе. Быкаў.
2. Спужацца, спалохацца. [Даміра:] — Смерці я ніколі не баяўся, а тады струхнуў. Асіпенка.