Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старадрэ́віна, ‑ы, ж.

Разм. Старое, звычайна сухое дрэва. Вогненная паводка злізвала на сваім шляху адвечны буралом, агонь забіраўся ў дуплы старадрэвін і праз дзіркі вырываўся адтуль вострымі языкамі. Пальчэўскі.

стараду́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Народная назва некаторых відаў пакрытанасенных раслін сямейства казяльцовых і гарычкавых.

старажава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. старажаваць.

старажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак.

Разм.

1. Выконваць абавязкі стоража. — Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч. — Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж. Колас.

2. каго-што. Вартаваць каго‑, што‑н., пільнаваць каго‑, што‑н. «Прыпушчу, думаю, на часінку [пасвіцца каня], не канешне ж Лаўрэну цягнуцца тут, у яго вунь якія абшары старажаваць». Якімовіч.

старажавы́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Прызначаны для назірання, вартавы; які з’яўляецца месцам для стоража. Старажавы катэр. Старажавы пост.

старажо́к, ‑жка, м.

Прыстасаванне, якое прыводзіць у дзеянне механізм пасткі.

старажо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.

Разм. Тое, што і старожка (у 1 знач.). Мужчыны кінулі работу і пабеглі ў старажоўку, Сымон зняў шапку і астаўся пад дажджом. Чарнышэвіч.

старажо́ўства, ‑а, н.

Разм. Занятак стоража. [Бацька:] — Калі лавіць баброў, то, відаць, трэба, каб мяне адпусцілі на колькі месяцаў... Самавольна ж я не магу. Старшыня пакрыўдзіцца і пазбавіць работы, ды і старажоўства губляць прыйдзецца. Масарэнка.

старажы́л, ‑а, м.

Той, хто жыве шмат гадоў па адным месцы. Я ж сустрэў Дземідзёнка, калі ён лічыўся ўжо на Ганчарнай вуліцы старажылам. Чыгрынаў. Таму спытаў я: — Хто тут жыў Перад вайной, у гэтым доме? — І адказаў мне старажыл: — Былі гаспадары, вядома, І гэты бэз іх і вішняк. Танк. // звычайна мн. (старажы́лы, ‑аў). Карэнныя жыхары якой‑н. мясцовасці (у адрозненне ад перасяленцаў). Ніхто з старажылаў вёскі Кастрыца на Лепельшчыне не памятае, з якога часу пагорак пачалі называць Царкавішчам. Штыхаў.

старажы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Жан. да старажыл.