Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

валакардзі́н, ‑у, м.

Лякарства, якое выкарыстоўваецца пры захворваннях сэрца і цэнтральнай нервовай сістэмы.

валакі́та, ‑ы, ДМ ‑кіце, ж.

Нядобрасумленная, бюракратычная зацяжка з канчатковым вырашэннем якой‑н. справы. Вялікую шкоду наносяць валакіта і бюракратызм пры ўкараненні рацыяналізатарскіх прапаноў. «Звязда».

валакі́тны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з валакітай. Валакітная справа.

валакі́тчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто стварае валакіту, займаецца валакітай.

валакі́тчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да валакітчык.

валакі́ціць, ‑кічу, ‑кіціш, ‑кіціць; незак., што.

Разм. Наўмысна зацягваць вырашэнне якой‑н. справы; валаводзіць.

валакні́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць валакністага. Валакністасць лёну.

валакні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з валокнаў; з валокнамі. Валакністыя расліны. Валакністыя матэрыялы. □ Ой, лянок, лянок мой чысты, Валакністы, залацісты. Купала.

валакно́, ‑а; мн. валокны, ‑аў; н.

1. Ніткападобная эластычная пасма расліннага, мінеральнага або штучнага паходжання, з якой вырабляюць пражу, вату і пад. Ільняныя валокны. Штучнае валакно. Валокны цэлюлозы.

2. Выцягнутая ў даўжыню клетка расліннай або жывёльнай тканкі. Валокны драўніны. Нервовыя валокны.

валако́нца, ‑а, н.

Ласк. да валакно. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны. Колас.