шапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і шапаткі. Гірня ўзлез на разгалістую асіну, густа ўкрытую шапатлівым лісцем. Кулакоўскі. Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Хомчанка.
шапатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да шапацець.
шапаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Як і штогод, вясна прыйшла ў магутным шуме паводак, у серабрыстым звоне ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў, у шаўкавістым шапаценні першай зеляніны на пожнях. Хадкевіч.
шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.
Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.
ша́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да шапка (у 1 знач.); маленькая або дзіцячая шапка. Між .. [дзецьмі] была і яе [Кацярыніна] пяцігадовая Марылька, чырванашчокая дзяўчынка ў доўгай сіняй сукенцы, з чырвонай шапачкаю-кульком на галаве. Якімовіч. На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла .. [Ярашу] надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй калень. Шамякін.
2. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Грыб рос на купінцы і выглядаў на свет невялікай, з пятак, рыжаватай шапачкай. Сіняўскі.
ша́пачкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шапачкі (у 2 знач.). Шапачкавы грыб.
ша́пачнік, ‑а, м.
Майстар, які шые шапкі. Па гарбарнях ды слясарнях, сярод краўцоў, шапачнікаў ды шчотачнікаў пайшлі гутаркі наконт урачыстага святкавання 1 Мая. Гартны.
ша́пачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шапкі; звязаны з вырабам, продажам шапак. Шапачная тканіна. Шапачная майстэрня. Шапачная вытворчасць.
•••
На (пад) шапачны разбор гл. разбор.
Шапачнае знаёмства гл. знаёмства.
шапіро́граф, ‑а, м.
Прыстасаванне для друкаванага размнажэння тэксту без прымянення друкарскага набору. У гімназіі выдаваўся на шапірографе рукапісны вучнёўскі часопіс. У. Калеснік.
[Ад уласн. імя і грэч. graphō — пішу.]