Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скапцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Па выгляду падобны на скапца. Скапцаваты чалавек нясмела падкраўся да вясёлай купкі чыноў, як той пабіты сабака. Асіпенка.

скапы́ціцца, ‑пычуся, ‑пыцішся, ‑пыціцца; зак.

Разм.

1. Зак. да капыціцца.

2. перан. Памыліцца, зрабіць што‑н. няправільна. — Мы от тут акурат і баяліся скапыціцца... Шынклер.

3. перан. Паваліцца, упасці. Шчэхула як стаяў, так і скапыціўся, грымнуўшыся на падлогу. Машара. // Захварэць, злегчы. — Бачыш, не ў пару скапыціўся, — сказаў.. [дзядзька Даніла], відаць, думаючы пра тое, што праз тыдзень-два трэба будзе пачынаць сяўбу. Асіпенка.

4. Памерці, згінуць. Вядзьмар жа керхаў, керхаў ды і скапыціўся: відаць, Тодараў дручок быў мацнейшы за яго чары. Якімовіч. І дзед злуецца ды гадае, Калі скапыцяцца паны. Колас.

скапы́ціць, ‑пычу, ‑пыціш, ‑пыціць; зак., каго-што.

Разм.

1. Зак. да капыціць.

2. перан. Збіць з ног (пра чалавека). [Казак], як мяшок, асеў на зямлю. .. Народ .. здзіўлена пераклікаўся: — Бачылі, як [Сяргей] казака скапыціў? Адным махам рукі! Машара. // Прынізіць, пазбавіць ранейшага становішча. [Старая:] — Спірыдон вунь як выжыльваўся ды стараўся. А што? Усё роўна скапыцілі. Савіцкі.

скапы́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скапыціць.

2. у знач. прым. Стаптаны, здратаваны. У канцы вёскі, за скапычаным выганам, дом на высокім падмурку. Аношкін.

скараба́ціцца, ‑баціцца; зак.

Зрабіцца карабатым, скрыўленым. Ледзь не ў трубку скарабацілася скура. Місько.

скараба́ціць, ‑бачу, ‑баціш, ‑баціць; зак., што.

Зрабіць карабатым, скрыўленым. — Скарабаціць.. [рукавічкі] сонца, дачушка мая! Дубоўка.

скараба́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скарабаціць.

2. у знач. прым. Пагнуты, пакручаны; знявечаны. Ля старой скарабачанай асіны Юля прыпынілася. Сачанка. Апаў скарабачаны дубовы лісток, яго падхапіў вецер і пагнаў па алеі. Гурскі. Людзі з пятліцамі завіхаліся ля скарабачаных рэштак самалёта. Лынькоў.

скарабе́й, ‑я, м.

1. Жук-гнаявік, які водзіцца ў гарачых краінах.

2. Малюнак свяшчэннага жука ў старажытных егіпцян на манетах, на камені і пад., а таксама манета, камень і пад. з такім малюнкам.

[Лац. scarabaeus.]

скарава́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Каструля з герметычнай накрыўкай, прызначаная для хуткага прыгатавання ежы.

скарадзі́ць,

гл. скародзіць.