Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шанта́ж, ‑у, м.

Запалохванне каго‑н. пагрозай выкрыцця або паведамлення якіх‑н. непажаданых звестак з мэтай вымагання чаго‑н. Палітычны шантаж. □ [Чарнавус:] Гэта гісторыя з Зёлкінай — сапраўды дзіўная гісторыя! [Вера:] Вельмі дзіўная. Я думаю, ці не шантаж тут які-небудзь? Крапіва.

[Фр. chantage.]

шанта́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шантажу, прызначаны для шантажу.

шантажы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

Дамагацца чаго‑н. у каго‑н. шляхам шантажу. [Ганя:] — Каб хто толькі ведаў, якую ён [Намыснік] развёў дзейнасць! Шантажыруе суседзяў, сына адбівае ад сям’і, граззю мяне аблівае... Грамовіч.

шантажы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто займаецца шантажом, дамагаецца чаго‑н. шляхам шантажу. Хлопец памкнуўся быў дагнаць гэтага шантажыста, але той .. адбег яшчэ далей. Быкаў. [Жывіца:] — У нашым кодэксе, здаецца, ёсць такое права — прыцягваць да крымінальнай адказнасці шантажыстаў і паклёпнікаў... Ваданосаў.

шантажы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да шантажыст.

шантажы́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шантажыста, шантажу.

шанта́н, ‑а, м.

Тое, што і кафэшантан.

[Ад фр. chantant — які спявае.]

шанта́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шантана. Шантанныя спевы.

шантрапа́, ‑ы, ж.

Разм. лаянк. Пусты, нікчэмны чалавек. Па пероне нейкі тып ходзіць.. Раз прайшоў — на рэйкі плюнуў, другі прайшоў — праз плот у сквер плюнуў. Песню нейкую насвіствае. «Шантрапа!» — думае пра яго Федзя. Нядзведскі. / у знач. зб. Толькі час ішоў! І неўпрыкметку Мне [унуку] і Сорамна і прыкра стала Выхваляцца подзвігамі дзеда, Завадзілам быць у шантрапы. Гілевіч.

шанц, ‑у, м.

Разм. Тое, што і шанс. Франтавое чуццё, праверанае ў многіх начных баях, падказвала — трэба паспрабаваць пайсці на рызыку! Нават такіх шанцаў заўтра не будзе. Мележ. — Старому хочацца ўхапіць свой апошні шанц, знайсці нешта незвычайнае перад вяртаннем, — не сунімаўся Ронг Гай. Шыцік.