сканцэнтрава́насць, ‑і, ж.
Вялікая колькасць, канцэнтрацыя каго‑, чаго‑н. у адным месцы. Сканцэнтраванасць войск на граніцы. // перан. Накіраванасць на адзін які‑н. прадмет; сабранасць (думак, увагі і пад.). Работа думкі патрабуе вялікай сканцэнтраванасці ўсёй увагі і эмацыянальнай свабоды. «Маладосць».
сканцэнтрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сканцэнтраваць і сканцэнтравацца.
сканцэнтрава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сканцэнтраваць.
2. у знач. прым. Сабраны, згрупаваны ў адным якім‑н. месцы. // Скіраваны ў адно месца. Наносіць сканцэнтраваныя ўдары.
3. перан.; у знач. прым. Скіраваны на што‑н. Сканцэнтраваная воля. □ Ніколі дагэтуль мы не бачылі [паэта] такім засяроджаным, сканцэнтраваным у вырашэнні праблем грамадскіх і асабістых. Бярозкін. Увага рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў сканцэнтравана на ўкараненні новай тэхнікі. «Беларусь».
сканцэнтрава́цца, ‑руецца; зак.
1. Сабрацца, згрупавацца ў адным якім‑н. месцы. Брыгада сканцэнтравалася на ўзлессі. □ [Обер-лейтэнант:] — Ну, палонны, адказвайце. Дзе сканцэнтраваліся атрады? М. Ткачоў. // Быць скіраваным у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). // Увасобіцца ў чым‑н. Нашы сучасныя прозвішчы — гэта той фокус, у якім сканцэнтравалася амаль уся гісторыя ўзнікнення і развіцця антрапаніміі. Крывіцкі.
2. перан. Скіравацца на што‑н. (пра ўвагу, думкі і пад.). Уся мая ўвага сканцэнтравалася на Валі. Анісаў.
сканцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
1. Сабраць, згрупаваць у адным якім‑н. месцы. Сканцэнтраваць на малацільных таках пажарную тэхніку. □ [Бярозін:] — Загадваю сканцэнтраваць сілы вашых брыгад у раёне навасёлкаўскай грэблі і сёння ў дваццаць чатыры нуль-нуль распачаць прарыў у кірунку Навасёлак. Шчарбатаў. // Скіраваць у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). У дваццатых чыслах красавіка, раніцою на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэя, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Колас. // Увасобіць, змясціць у сабе. Напластоўваючы вобразы, каб сканцэнтраваць сутнасць рэальных фактаў жыцця Антанюка, .. пісьменнік ідзе дарогай, што вядзе да эстэтычнага ідэалу. «Полымя».
2. перан. Скіраваць на што‑н. (увагу, думку і пад.). Усю ўвагу [Ваня] сканцэнтраваў на прылізаным чалавеку, што сядзеў каля акна. Новікаў.
сканцэнтро́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сканцэнтроўваць — сканцэнтраваць і сканцэнтроўвацца — сканцэнтравацца.
сканцэнтро́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сканцэнтравацца.
2. Зал. да сканцэнтроўваць.
сканцэнтро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сканцэнтраваць.
сканчэ́нне, ‑я, н.
Завяршэнне, давядзенне чаго‑н. да канца; канец. За вячэрай старшыня сказаў колькі слоў аб ударным сканчэнне малацьбы, сяўбы, нарыхтовак. Чорны. Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч.
•••
Да сканчэння свету — назаўсёды; вельмі доўга.
Сканчэнне свету — у хрысціянскім веравучэнні — канец, пагібель свету.
скапа́, ‑ы, ж.
Буйная драпежная птушка сямейства ястрабіных, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай. — Скапа, — адказаў мой сябар, налягаючы на вёслы. — Так.. у літаратуры значыцца, а ў народзе яго проста рыбаловам завуць. Ляўданскі.