сканцэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Сабраць, згрупаваць у адным якім‑н. месцы. Сканцэнтраваць на малацільных таках пажарную тэхніку. □ [Бярозін:] — Загадваю сканцэнтраваць сілы вашых брыгад у раёне навасёлкаўскай грэблі і сёння ў дваццаць чатыры нуль-нуль распачаць прарыў у кірунку Навасёлак. Шчарбатаў. // Скіраваць у адно месца (пра ўдар, націск і пад.). У дваццатых чыслах красавіка, раніцою на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэя, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Колас. // Увасобіць, змясціць у сабе. Напластоўваючы вобразы, каб сканцэнтраваць сутнасць рэальных фактаў жыцця Антанюка, .. пісьменнік ідзе дарогай, што вядзе да эстэтычнага ідэалу. «Полымя».

2. перан. Скіраваць на што‑н. (увагу, думку і пад.). Усю ўвагу [Ваня] сканцэнтраваў на прылізаным чалавеку, што сядзеў каля акна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)