Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шасто́к, ‑тка, м.

Разм. Памянш. да шост. Певень, сеўшы на шастку, заспяваў: «Ку-ка-ра-ку!» Дубоўка. Убачыўшы на шастку сукенкі, Сцяпан адвярнуўся. Пташнікаў.

шасце́нне, ‑я, н.

Абл. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шасцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Свісту не чуваць, а толькі ціхае, амаль нячутнае шасценне ў перапынку паміж выбухамі. Навуменка. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэтае гучанне падхоплівае зарэччы, чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху-шасцення. Колас.

шасцерыко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шасцерыка (у 1, 2 знач.); які з’яўляецца шасцерыком. Шасцерыковая свечка.

шасце́ць, ‑ціць; незак.

Абл. Шастаць (у 1 знач.). Шасцяць у калоссі сярпы, Сцяною дабро залягло. Купала. Ідзе падарожніца хутка, Сукенка ад ветру шасціць. Калачынскі. Вечар быў цёплы, вуліца пустая, таямнічая, загадкава шасцелі лісцем таполі. Навуменка.

шасцёра, шасцярых, ліч. зб.

Шэсць. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Шасцёра сірот; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. ролу. Тыя шасцёра пайшлі ўжо; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Прыгледзеліся, а ў .. [гняздзе] шасцёра маленькіх звяркоў сядзяць. Ігнаценка; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Шасцёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было шасцёра.

шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.

2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.

3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.

4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.

5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.

6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.

шасці...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з шасці частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: шасцітомны, шасціярусны; 2) які мае шэсць аднолькавых прадметаў, прыкмет, уласцівасцей і пад., напрыклад: шасцідольны, шасціствольны; 3) колькасцю, мерай, коштам у шэсць якіх‑н. адзінак, напрыклад: шасцітонны.

шасціба́льны, ‑ая, ‑ае.

Сілаю ў шэсць балаў. Шасцібальны шторм.

шасцібо́рац, ‑рца, м.

Спартсмен, які ўдзельнічае ў шасцібор’і. Спаборніцтвы шасціборцаў.

шасцібо́р’е, ‑я, н.

Тое, што і шасціборства.