Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шапаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

Абзывацца шолахам; шумець чым‑н. сухім. Толькі дробныя кроплі дажджу шапацелі ў маладых таполевых лістках. Шахавец. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. Вось і ліпень настаў. Наліваўся ячмень за ракою, шапацелі абапал дарогі аўсы. Грахоўскі. // чым. Утвараць шолах, шум. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Навуменка. Зірнеш, і не верыцца, што не так даўно тут шапацела ніва спелымі каласамі пшаніцы. Пальчэўскі. / у вобразным ужыв. Шапаціць зялёным шоўкам Беларуская вясна. А. Александровіч.

ша́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да шапка (у 1 знач.); маленькая або дзіцячая шапка. Між .. [дзецьмі] была і яе [Кацярыніна] пяцігадовая Марылька, чырванашчокая дзяўчынка ў доўгай сіняй сукенцы, з чырвонай шапачкаю-кульком на галаве. Якімовіч. На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла .. [Ярашу] надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй калень. Шамякін.

2. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Грыб рос на купінцы і выглядаў на свет невялікай, з пятак, рыжаватай шапачкай. Сіняўскі.

ша́пачкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шапачкі (у 2 знач.). Шапачкавы грыб.

ша́пачнік, ‑а, м.

Майстар, які шые шапкі. Па гарбарнях ды слясарнях, сярод краўцоў, шапачнікаў ды шчотачнікаў пайшлі гутаркі наконт урачыстага святкавання 1 Мая. Гартны.

ша́пачніца, ‑ы, ж.

Жан. да шапачнік.

ша́пачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шапкі; звязаны з вырабам, продажам шапак. Шапачная тканіна. Шапачная майстэрня. Шапачная вытворчасць.

•••

На (пад) шапачны разбор гл. разбор.

Шапачнае знаёмства гл. знаёмства.

шапіро́граф, ‑а, м.

Прыстасаванне для друкаванага размнажэння тэксту без прымянення друкарскага набору. У гімназіі выдаваўся на шапірографе рукапісны вучнёўскі часопіс. У. Калеснік.

[Ад уласн. імя і грэч. graphō — пішу.]

шапіто́, нескл., н.

Вялікая разборная брызентавая або палатняная палатна для цыркавых прадстаўленняў, а таксама перасоўны цырк, які выступае ў такой палатцы. Цырк шапіто.

[Фр. chapiteau.]

ша́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Галаўны ўбор, звычайна цёплы і мяккі.

2. перан. Тое, што мае форму купала. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Чым далей у лес, тым гусцей дрэвы, тым вышэй магутныя снегавыя шапкі. Лынькоў.

3. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Толькі грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч. А грыбы сядзелі ціха, Так схаваўшыся ў мох, Што не толькі белых ног — Не відаць было і шапак. Глебка. // Верхняя круглая насенная частка сланечніку. Дзіўна. Адкуль у жыце мог з’явіцца сланечнік?! Ну так, сланечнік. Жоўтая шапка яго тоне ў налітых зернем каласах жыта. Дуброўскі. Не злазячы з сядла, Сяргей разгледзеў і малюнак: хлопчык і дзяўчынка палівалі сланечнік з вялікай залатой шапкай. Хомчанка.

4. перан.; чаго. Пра густыя, пышныя валасы. [Васіль] быў нават крыху вышэйшы за мяне, складны ў плячах, дужы ў руках, з пышнай шапкай светлых валасоў. Кавалёў.

5. Загаловак буйным шрыфтам, агульны для некалькіх артыкулаў у газеце, часопісе і пад. Усяго адразу не прачытаеш, таму пачаў праглядваць «шапкі» і ілюстрацыі. Кулакоўскі.

6. Верхні брус над дзвярамі, акном для мацавання іх. Вароты, як у людзей. Двайныя, з шапкай на шуллі, каб не пакрывіліся. Ермаловіч.

•••

Аж шапка паднялася на галаве — пра вялікі страх.

Аршын з шапкай гл. аршын.

Даць па шапцы гл. даць.

Закідаць шапкамі гл. закідаць.

Заламаць шапку гл. заламаць.

Зняць шапку гл. зняць.

Ламаць шапку гл. ламаць.

На злодзеі шапка гарыць — пра таго, хто міжвольна або выпадкова сам паказвае, выдае тое, што больш за ўсё хоча схаваць.

На разбор шапак гл. разбор.

Па Сеньку (і) шапка — варты не больш таго, што мае.

Спаць у шапку гл. спаць.

Шапка валіцца — вельмі высока. А ўгару зірнеш — Шапка валіцца. Колас.

Шапка-невідзімка — у казках — шапка, якая мае чарадзейную ўласцівасць рабіць нябачным таго, хто яе надзявае.

шапкава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапкаваць.