скрабяну́ць, ‑бяну, ‑бянеш, ‑бяне; ‑бянём, ‑беняце; зак.
Аднакр. да скрэбці. Падаў [дзед] хлопцу вялую руку і скрабянуў чамусьці па яго далоні скурчаным каравым пальцам. Брыль. Тое, што сказаў Тарас, раптам скрабянула яго [Лоўгача] самалюбства. Савіцкі.
скра́двацца, ‑аецца; незак.
1. Рабіцца невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Смуглявы скуласты твар, крыху раскосыя вочы выклікалі прыкрасць, і Кіра старалася стаць да люстра так, каб гэта скрадвалася. Карпаў. // Рабіцца больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Гадлеўскі загадаў абабіць дыспетчарскія кабіны лямцам, пакласці на падлозе мяккія «дарожкі», каб скрадваліся гукі. Шынклер.
2. Зал. да скрадваць.
скра́дваць, ‑ае; незак., што.
Рабіць невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Таксама была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й». Колас. Цемра скрадвала далі, і здавалася, што тут нейкае дзікае бязлюддзе. Марціновіч. // Рабіць больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Сама сцежка была мяккая тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны.
скра́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скрасці.
скразны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.
2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.
3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.
4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.
•••
Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.
скразня́к, ‑у, м.
Моцная цяга паветра праз скразныя адтуліны, праёмы і пад. Рэзкі вецер з захаду гуляў скразнякамі ў прагалах паміж будынкамі. Хадкевіч.
скрана́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць мяняць сваё месцазнаходжанне, скранацца.
скрана́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скранаць — скрануць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. скранацца — скрануцца.
скрана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скрануцца.
2. Зал. да скранаць.
скрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скрануць.