Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скаваць.

2. перан.; у знач. прым. Пазбаўлены натуральнасці, свабоды, лёгкасці. Граноўская сумысля пасадзіла Надзейку поруч з Зорыным, а толькі паміж імі не клеілася гаворка, яны абое адчувалі сябе скаванымі. Гурскі.

скаварада́, ы́; мн. скаваро́ды (з ліч. 2, 3, 4 скаварады́), ‑ро́д і ‑ро́даў; ж.

Мелкая металічная пасудзіна круглай формы для смажання; патэльня. [Юлька] дастала з.. рукзака кавалак сала, цыбуліну, сырыя яйкі, нарэзала сала на скавараду. Карамазаў. Папрасілі скавараду і пачалі пячы яечню. Кулакоўскі. // Колькасць ежы, якая знаходзіцца ў такой пасудзіне. Тут заходзіць да.. [ксяндзоў] гаспадар са скаварадою яечні. Якімовіч.

скаваро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Тое, што і скаварада; невялікая скаварада. Маша, усміхнуўшыся, клапатліва падсунула бліжэй да.. [мужа] скавародку са смажаным салам. Шамякін. З кашы.. [бабка] рабіла піражкі і падсмажвала іх на скавародцы. Колас.

скаваро́днік, ‑а, м.

Абл. Плоскі круглы хлеб, спечаны на скаварадзе; праснак. Аржаны скавароднік. □ У кутку на доўгай лаве сядзела старая жанчына і жавала кавалак падгарэлага скавародніка. Грахоўскі.

скаваро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скаварады. А для дзяцей найбольша свята Абы наесціся багата. І звон аб прыпек скавародны, Так блізкі сэрцу, так ім родны. Колас.

скава́цца, скуецца; зак.

1. Злучыцца пры дапамозе кавання.

2. перан. Пазбавіцца волі. Як на небе зара, ці як думка ў душы Не скуешся няволі ты [песня] путамі. Купала. // Страціць рухомасць; анямець. Апошні раз.. [Яніна] заснула не ведае і калі: хацела падымацца, бо пачало днець, а вочы скаваліся дрымотай... Кірэенка.

3. перан. Накрыцца лёдам, замерзнуць (пра раку, возера і пад.). Рэчка скавалася Лёдам крыштальным. Лойка.

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

скавыта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скавытаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Чыжык] чуў толькі напорысты гул, скавытанне і глухія ўдары снегу ў сцяну. Лупсякоў. Сціхне ветру скавытанне Над прысадамі бяроз. Васілёк.

скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.

1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.

2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.

скавытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да скавытаць.