скавыта́ць, ‑вычу, ‑вычаш, ‑выча; незак.

1. Жаласна павіскваць, ціха выць (пра сабаку і пад.). Сабака перастае брахаць і толькі скавыча, круцячыся каля гаспадара. Колас. Мокрае, худое і нейкае нязграбнае, .. [шчаня] ціха і жаласна скавытала, скасавурыўшы на Саньку чорныя вочы. Ваданосаў. // Утвараць гукі, падобныя да выцця. На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. І як цягнуў вагоны паравоз — жаласліва так скавыталі буксы, бы спявалі аб нядолі — прастоях, недагрузах. Шынклер. Завіруха не сціхала, вецер выў, скавытаў. Гроднеў. // Разм. зневаж. Непрыемна, жаласна, разгублена плакаць, гаварыць, утвараючы гукі, падобныя да выцця (пра чалавека). — Слюнцяй, не скавычы! Не можаш памагчы. Дык лепей памаўчы! Крапіва. Пан махнуў у поле. А прэлат пад храмам.. скавытаў ад страху. Бажко.

2. перан. Разм. зневаж. Ныць, назаляць, скардзіцца. — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў.. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — І як вам не сорамна! — скавытаў пасажыр з газіка, бегаючы навокал. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)