нядба́лец, ‑льца, м.
Разм. Нядбалы, лянівы чалавек. Бяда няўмекам і нядбальцам, Хто шнур зжуе няроўным плехам — Антось яго ўжо дойме смехам. Колас.
нядба́лы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і нядбайны. Гаварыў [Мікуць] усё, гаварыў. Пра нядбалых гаспадароў, пра тое, што і ўдалы, і дбалы гаспадар не заўсёды можа жыць, як трэба. Чорны. Афіцэры з нядбалай важнасцю дакрануліся да казыркоў. Брыль.
нядба́льства, ‑а, н.
Тое, што і нядбайства. Маці папікала бацьку «нежыццёвасцю», нядбальствам, тратай грошай і часу на пустое. Брыль.
нядзе́йсны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва дзейснасць. Нядзейсныя меры.
нядзе́льнік, ‑а, м.
Калектыўная добраахвотная грамадска карысная праца, якая выконваецца ў нядзелю. Не аднойчы на маладзёжных нядзельніках Ванжын працаваў, будуючы стадыён. Шыцік.
нядзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нядзелі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Нядзельны дзень. Нядзельны ранак. □ Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны.
•••
Нядзельныя школы гл. школа.
нядзе́ля, ‑і, ж.
1. Сёмы дзень тыдня, агульны дзень адпачынку. Час бяжыць: вось толькі ўчора была субота, а сёння ўжо і нядзеля. Крапіва. Усе дні тыдня Аўгіня з нецярплівасцю чакае нядзелі. Бядуля.
2. Тое, што і тыдзень. Плылі ў турбоце дні, нядзелі. Колас.
•••
Вербная нядзеля — назва нядзелі за тыдзень да вялікадня.
Крывавая нядзеля — дзень расстрэлу царскім урадам мірнай дэманстрацыі рабочых у Пецярбургу 9 студзеня 1905 г.
нядзе́ючы, ‑ая, ‑ае.
Які не дзейнічае, перастаў дзейнічаць. Нядзеючая ўстаноўка.
нядо́бра,
1. Прысл. да нядобры (у 1, 3–5 знач.).
2. безас. у знач. вык. Дрэнна. Марылька глядзіць на.. [бацьку] і маўчыць. А потым пытаецца: — Праўда, тата, — хварэць нядобра? Брыль. // Не ўсё ў парадку, не па душы. На жаль, і так яшчэ бывае. Сапун сядзіць, на іншых наракае: Прамашка ў гэтага, памылка ў таго... Усё яму нядобра, слаба. Корбан.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. [Вера:] — Табе нядобра, мая ягадка? Ты, можа, вады вып’еш? Паслядовіч.