Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лапатападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які па форме, выгляду нагадвае лапату, падобны на лапату. Лапатападобная барада.

лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.

1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.

2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.

3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.

лапа́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да лапатка (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Шырокі плоскі канец якой‑н. невялікай рэчы.

лапа́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лапаткі.

лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.

2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.

3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.

4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.

•••

Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.

Класці на абедзве лапаткі гл. класці.

лапаткі́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і лапатлівы. Лапаткая жанчына. □ Шапацеў і гаманіў рэдкі, але лапаткі дождж. Савіцкі.

лапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які бесперастанку лапоча, трапечацца; шумлівы. Абапал машыны цягнуліся вузлаватыя дубы, шызыя танклявыя грабы, несціханыя лапатлівыя асіны. Мележ.

2. Схільны многа і бесперастанку гаварыць; балбатлівы. Клопікаў збіраўся .. вызверыцца на гэтае лапатлівае стварэнне [Любку], але афіцэр лагодна махнуў рукой. Лынькоў. // Несціханы, шумны, балбатлівы. Антон, стомлены лапатлівай .. гаворкаю, маўчыць. Вітка.

лапатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да лапатаць (у 1 знач.).

лапату́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто многа і бесперастанку гаворыць; балбатун.

лапату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе; Р мн. ‑тух; ж.

Разм. Жан. да лапатун.