ла́ўка 1, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
1. Прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на вуліцы і г. д. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. Краўчанка. Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Дамашэвіч.
2. Невялікая лава 1 ў памяшканні. Маці змахнула трапкачом лаўку і сказала: — Сядайце, чаго ж вы ў парозе сталі... Сачанка. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры. Колас. Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку і пачала моўчкі распранацца. Мележ.
3. Прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў. [Паходня] без асаблівых прыгод на гэты раз заняў месца ў вагоне на ніжняй лаўцы. Хадкевіч.
4. Разм. Школьная парта. [Павел і Віктар] былі па росту абодва нізенькія хлапчукі, і настаўніца пасадзіла іх на пярэднюю лаўку. Гроднеў.
ла́ўка 2, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
Разм. Невялікая гандлёвая ўстанова; невялікі магазін. У Тураве не гандлявала ні адна лаўка, ва ўсіх хатах былі наглуха пазачыняны аканіцы, на вуліцах — ні жывой душы. Сачанка.
лаўка́ч, ‑а, м.
Разм. Пранырлівы чалавек, які ўмее выгадна ўладкоўваць свае асабістыя справы. [Леснічыха:] — Ён з тых лаўкачоў, што ўсюды сваю выгаду знойдуць. Асіпенка.
лаўка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да лаўкач.
лаўр, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Паўднёвае вечназялёнае дрэва ці куст сямейства лаўровых з пахучым лісцем, якое ужываецца як прыправа. Побач з соснамі, ялінамі, бярозамі, дубамі і клёнамі раслі пальмы і фікусы, лаўры і ліяны, нібы ў афрыканскіх джунглях. В. Вольскі. / ‑у, у знач. зб. Нарэзаць лаўру.
2. звычайна мн. (ла́ўры, ‑аў). Вянок з лісця гэтага дрэва ці галінка яго як сімвал перамогі, узнагароды. — А-а, вы ж актыўны ўдзельнік, толькі без лаўраў, — Паўлавец хітра прыжмурыўся, чакаючы, што адкажа Алесь. Шыцік. Ён не любіў каляных лаўраў Без пераліву мудрых рос І паважаў не звон літаўраў, А сціплы гук сярпоў і кос. Пысін.
•••
Лаўры чые не даюць спаць — аб зайздрасці да чыйго‑н. поспеху [ад слоў палітычнага дзеяча Афін Фемістокла: «Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць»].
Пажынаць лаўры гл. пажынаць.
Спачыць на лаўрах гл. спачыць.
[Лац. laurus.]
ла́ўра, ‑ы, ж.
Назва буйных мужчынскіх праваслаўных манастыроў, якія падпарадкоўваліся найвышэйшай царкоўнай уладзе — Сіноду. Кіева-Пячэрская лаўра.
[Грэч. laura.]
лаўравішнёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лаўравішні. Лаўравішнёвае лісце. // Які здабываецца з лаўравішні. Лаўравішнёвы алей.
лаўраві́шня, ‑і; Р мн. ‑шань; ж.
Паўднёвае вечназялёнае дрэва ці куст сямейства ружакветных з пахучым лісцем і пладамі, якія нагадваюць вішні. Ліне добра было відаць адсюль мора. Цяпер яго засцілі акуратна абстрыжаныя, падобныя на стажкі сена, кусты лаўравішні. Хомчанка.
лаўро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лаўру, уласцівы яму. Лаўровы куст. Лаўровы пах. // Які здабываецца з лаўру. Лаўровы алей.
2. у знач. наз. лаўро́выя, ‑ых. Сямейства паўднёвых вечназялёных раслін, да якога адносяцца лаўр, камфорнае дрэва і інш.
•••
Лаўровы ліст гл. ліст 1.
Лаўровы вянок гл. вянок.
лаўрэа́т, ‑а, М ‑рэаце, м.
Званне, якое прысуджваецца за выдатныя заслугі ў галіне навукі, мастацтва і пад. // Асоба, удастоеная такога звання. Лаўрэат Міжнароднай прэміі міру.
[Ад лац. laureatus — увенчаны лаўрамі.]
лаўрэа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да лаўрэат.