Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лаз 1,

гл. лазы.

лаз 2, ‑а, м.

1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.

2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.

лаза́, ‑ы; мн. лозы, лоз і лозаў; ж.

1. Кусты некаторых парод вярбы, вінаграду. Вінаградная лаза. □ Астраўкі параслі кучаравай лазой і здалёк нагадвалі копы сена. Шашкоў.

2. Галлё вінаграду, вярбовых кустоў; матэрыял з лазовай драўніны ці кары. Вязаць лазою венікі. □ Дзеці, падлеткі неслі пучкі лазы, вербалозніку. Бялевіч. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складаныя ножыкі карысталіся вялікай славай.. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Бядуля. // толькі адз. Дубец як прадмет пакарання; розга. А чарвячок грызе сумленне — Прадвеснік лазні і лазы. Колас.

•••

Даць лазы гл. даць.

лазані́ца, ‑ы, ж.

Род травяністай, пераважна шматгадовай расліны сямейства першацветных.

ла́зар, ‑а, м.

У выразе: лазара пець гл. пець.

лазарэ́т, ‑а, М ‑рэце, м.

1. Уст. Бальніца для бедных.

2. Невялікая лячэбная ўстанова пры вайсковай часці; шпіталь. Палкавы лазарэт. Палявы лазарэт. □ [Таня:] — Маці служыла з .. [бацькам] у адным палку — яна была сястрою ў лазарэце... Каваль.

[Фр. lazaret, іт. lazaretto ад імя пракажонага жабрака Лазара ў евангельскай прытчы.]

лазарэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лазарэта, належыць яму. Лазарэтны ложак.

лаза́ты, ‑ая, ‑ае.

У выразе: чорт лазаты гл. чорт.

ла́зенне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лазіць.

ла́зеншчык, ‑а, м.

Работнік лазні, які абслугоўвае наведвальнікаў.

ла́зеншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лазеншчык.