лаха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
У выразе: нырачная лаханка — частка ныркі, якая служыць для збірання мачы і пераходзіць непасрэдна ў мачаточнік.
ла́хі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Старое паношанае адзенне. «Эх ты, Лейба Яхніч!.. Новага кажуха не знасіў за век. І дзеці твае носяць старыя лахі. Твае абноскі». Чарнышэвіч.
•••
Лахі пад пахі — сабраць небагатыя пажыткі, узяць іх з сабой і пайсці. [Лабановіч:] — Не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Колас.
лахмані́на, ‑ы, ж.
Разм. Старая, паношаная адзежына. Ціток моўчкі хадзіў за [Параскай], глядзеў, што яна возьме, і час ад часу шпурляў ёй пад рукі якую-небудзь лахманіну. Лобан.
лахманы́, ‑оў; адз. лахман, ‑а, м.
Разм.
1. Старое, паношанае або падранае адзенне; лахмоцце. Жабрачыя лахманы. □ [Саша] адразу ж залезла з дачкой на печ, загарадзілася рознымі лахманамі, каб не было відаць. Шамякін. Дзіравыя лахманы ледзь прыкрываюць худыя целы. Лынькоў.
2. Кавалкі, абрыўкі адзення, матэрыі. Полы кажушка канчаліся .. абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі смешныя рухі. Колас. Вопратка на .. [палонных] была парванай, звісала лахманамі. М. Ткачоў. / Пра шматкі, абрыўкі дыму, туману, хмар і пад. Трубы густа дымілі, і брудныя лахманы дыму паўзлі па блакіце неба. Гамолка. Землі дрыжаць, лахманамі хмары падаюць глуха за небасхіл. Русецкі.
лахма́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.
2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.
лахма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑меціцца; незак.
Разм.
1. Станавіцца лахматым. Валасы лахмацяцца ад ветру.
2. Зал. да лахмаціць.
лахма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак., каго-што.
Разм. Рабіць лахматым. Лахмаціць прычоску.
лахма́ч, ‑а, м.
Разм. Пра чалавека з лахматымі ўскудлачанымі валасамі ці пра жывёл з густой касматай поўсцю; касмач.
лахмо́цце, ‑я, н., зб.
1. Старое, паношанае або падранае адзенне. Вецер торбачкі іх трос, Як шалёны, выў, смяяўся, Біў у твар і з ног скідаў Ды ў лахмоцце забіраўся. Колас.
2. Шматкі, абрыўкі чаго‑н. [Жэня:] — Вечна ў цябе ад карткі застаецца адно лахмоцце... Васілевіч. Над возерам навісае лахмоцце цёмна-шэрых восеньскіх хмар. Галавач.