Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лая́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць лаяльнага; лаяльныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Лаяльнасць паводзін. Праявіць лаяльнасць.

ла́яльнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто ўвесь час лаецца, любіць лаяцца. Тады ўжо ўсе цельшынцы і неслі свае грахі яшчэ больш грошнаму.. Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п’яніца і лаяльнік. Колас.

лая́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знешне захоўвае вернасць у адносінах да дзяржаўнай улады. // Які сведчыць аб такой вернасці. Лаяльны ўчынак.

2. Які карэктна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Шырокага лічылі іграком не зусім лаяльным, але аб гэтым яму ў вочы не казалі. Колас.

ла́янка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абразлівыя, грубыя словы, выразы. Самая адборная і зняважлівая лаянка разлягалася па наваколлю. Паслядовіч. // Грубыя дакоры. Угледзеўшы Лібу, якая ў гэту хвіліну порстка ўварвалася з надворку ў хату, .. [маці] накінулася на дачку з востраю лаянкай. Гартны.

2. Сварка. Год пяцьдзесят дзед з бабай пражылі, Без лаянкі. Валасевіч.

ла́янкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаянкі (у 1 знач.). Лаянкавыя словы.

ла́яцца, лаюся, лаешся, лаецца; заг. лайся; незак.

1. Гаварыць грубыя, абразлівыя, лаянкавыя словы. Лаяцца апошнімі словамі. □ — Каб цябе гром! Злыдзень бязногі! — лаяўся Ёсіп, выціраючы рукавіцай крысо ватоўкі. Дуброўскі.

2. з кім і без дап. Зневажаць адзін аднаго грубымі абразлівымі словамі; сварыцца. — Закаханыя лаюцца — толькі мілуюцца, — паспрабаваў пажартаваць Алег. Шыцік. Антось.. два дні з Ганнай лаяўся, а на трэці — ужо хацеў падаваць на яе ў суд. Скрыпка.

ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.

Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.