ла́па, ‑ы, ж.
1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. □ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.
2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.
3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. □ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.
4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.
5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.
•••
Даць (сунуць) у лапу гл. даць.
Запусціць лапу ў што гл. запусціць.
Налажыць лапу на што гл. налажыць.
Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.
У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).
Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.
Як курыца лапай гл. курыца.
лапаву́хі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З вялікімі адтапыранымі вушамі. Лапавухі сабака. Лапавухі хлапчук. □ У пятлі сядзеў вялізны лапавухі жывы заяц. Дайліда.
2. Лаянк. Някемлівы, непаспешлівы (пра чалавека).
ла́павы, ‑ая, ‑ае.
Спец. З лапамі, на лапах (у 3 знач.). Лапавы культыватар.
лапано́сы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З шырокім, пляскатым носам.
лапа́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лапараў. Лапарскае паселішча.
лапары́, ‑оў; адз. лапар, ‑а, м.; лапарка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. лапаркі, ‑рак; ж.
Распаўсюджаная ў навуковай літаратуры назва саамаў.
лапа́та, ‑ы, ДМ ‑наце; Р мн. ‑пат; ж.
Драўляная ці металічная прылада з дзяржаннем і шырокім плоскім ніжнім канцом для капання, перамяшчэння чаго‑н. Ідзе з лапатай дзядзька з хаты. І адграбае снег заўзята. Колас. Лапата градку ускапала І, нібы люстра, ўся заззяла. Муравейка. // Аб колькасці чаго‑н., змешчанага на лапаце. Лапата пяску.
•••
Грэбці грошы лапатай гл. грэбці.
Хоць лапатай заграбай гл. заграбаць.
лапата́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лапатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.