лапа, ‑ы, ж.
1. Ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак. Гусіная лапа. ▪ [Стралец:] — Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Якімовіч. // Разм. груб. Аб руцэ або назе чалавека.
2. Разм. Пышная галіна. Многа снегу на лапах вялікіх ялін. Брыль.
3. Спец. Расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом. Шавецкая лапа. Лапы культыватара. ▪ Хлопцы з чыгункі даставілі на ўмоўленае месца некаторыя інструменты: лапы, гаечныя ключы. Лынькоў.
4. Спец. Шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец. Рубіць у лапу.
5. Уст. Удар лінейкай па далоні як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе. // Лінейка, якой білі. [Дзед:] — Лапа, ну як табе сказаць: лінейка такая дубовая або кляновая. Некалі настаўнікі білі ёю вучняў па далоні, па лапе.. Таму і лапай празвалі. Якімовіч.
•••
Даць (сунуць) у лапу гл. даць.
Запусціць лапу ў што гл. запусціць.
Налажыць лапу на што гл. налажыць.
Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму гл. папасціся.
У лапах каго, чыіх, у каго — у поўнай залежнасці, ва ўладзе (быць, знаходзіцца, апынуцца і г. д.).
Хадзіць на мяккіх лапах гл. хадзіць.
Як курыца лапай гл. курыца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)