ла́ўка 1, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
1. Прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на вуліцы і г. д. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. Краўчанка. Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Дамашэвіч.
2. Невялікая лава 1 ў памяшканні. Маці змахнула трапкачом лаўку і сказала: — Сядайце, чаго ж вы ў парозе сталі... Сачанка. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры. Колас. Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку і пачала моўчкі распранацца. Мележ.
3. Прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў. [Паходня] без асаблівых прыгод на гэты раз заняў месца ў вагоне на ніжняй лаўцы. Хадкевіч.
4. Разм. Школьная парта. [Павел і Віктар] былі па росту абодва нізенькія хлапчукі, і настаўніца пасадзіла іх на пярэднюю лаўку. Гроднеў.
ла́ўка 2, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
Разм. Невялікая гандлёвая ўстанова; невялікі магазін. У Тураве не гандлявала ні адна лаўка, ва ўсіх хатах былі наглуха пазачыняны аканіцы, на вуліцах — ні жывой душы. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)