лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.
1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.
2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.
3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)