лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.

2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.

3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.

4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.

•••

Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.

Класці на абедзве лапаткі гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)