змякчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; страціць цвёрдасць, калянасць. Скура на руках змякчылася.
2. Стаць менш суровым, строгім; быць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Сэрца змякчылася. □ Сцёпка значна змякчыўся. Ён прыветна зірнуў на Алёнку і сказаў мнагазначна: — Можа я і буду вучыцца, гэта яшчэ невядома. Колас. / Пра твар, вочы і пад. Алесеў твар ад .. нечаканай радасці змякчыўся і прасвятлеў. Васілевіч.
3. Страціць сілу, рэзкасць; зменшыцца, аслабець. Боль змякчыўся. Вецер змякчыўся. // Зрабіцца менш суровым, цяжкім. Твар .. [жанчыны] прасвятлеў, быццам яе ўласнае гора крыху зменшылася, змякчылася. Лынькоў.
4. Быць вымаўленым з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізавацца (пра зычныя гукі).
змякчы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш мяккім, эластычным; пазбавіць цвёрдасці, калянасці. Змякчыць скуру.
2. Пазбавіць суровасці, строгасці; зрабіць больш мяккім, лагодным, падатлівым. Панця маўчаў — відаць, моцная рэзь у карку занепакоіла і трохі змякчыла яго. Кулакоўскі. [Шаройка] глянуў на Сынклету Лукічну з надзеяй, што напамінак аб сыне змякчыць яе душу. Шамякін. / Пра твар, вочы, усмешку. [Аляксей Пятровіч] зрабіў паўзу, перамінаючыся з нагі на нагу, і ўсмешка змякчыла панурыя рысы яго вострага, са светлымі брывамі, твару. Сіўцоў.
3. Зрабіць менш моцным, рэзкім; аслабіць, зменшыць. Змякчыць боль. Змякчыць удар. // Зрабіць менш цяжкім, суровым. Змякчыць прыгавор. □ Суддзі доўга шукалі, як бы змякчыць пакаранне. Новікаў. // Зрабіць менш грубым, рэзкім, прамалінейным (словы, выразы і пад.). Змякчыць тон.
4. Вымавіць з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палаталізаваць (пра зычныя гукі).
змякчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. змякчаць — змякчыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. змякчацца — змякчыцца. Мазь для змякчэння скуры. Змякчэнне пакарання. Змякчэнне міжнароднай напружанасці.
змякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм.
1. Тое, што і змякчыцца.
2. Памякчэць (пра надвор’е, клімат). Надвор’е змякчэла, схмурнела, і вецер ужо дзьмуў Няваду не ў твар, а ў плечы. Чорны.
змяле́лы, ‑ая, ‑ае.
Які змялеў, зрабіўся мелкім. Змялелая рака.
змяле́ць, ‑ее; зак.
Разм. Стаць мелкім; памялець, абмялець. Азярцо за некалькі дзён.. зусім змялела. Броўка.
змяне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяняць — змяніць і стан паводле знач. дзеясл. змяняцца — змяніцца. Змяненне грамадскіх адносін. Змяненне спадчыннасці.
2. Папраўка, пераробка, унесеная ў што‑н., якая мяняе што‑н. ранейшае. Змяненні ў правапісе. Унесці дадаткі і змяненні ў праект пастановы.
змяні́цца, змянюся, зменішся, зменіцца; зак.
1. Стаць іншым; перамяніцца. Змянілася жыццё ў вёсцы. Колас. — А я цябе не адразу пазнаў. Змяніўся ты крыху. Чарнышэвіч. // Змяніць свой напрамак (пра вецер). [Алесю] здалося, што вецер змяніўся, падзьмуў ужо інакш. Ракітны.
2. Вызваліцца ад абавязкаў, якія выконваюцца пазменна. Змяніцца з дзяжурства. □ Я толькі што змяніўся з вахты, бягу пагрэцца і падвесці. А. Вольскі.
3. Змяніць адзін аднаго на службовым месцы, пасадзе. Тры старшыні змянілася да Аляксея ў «Світанні» пасля вайны. Пальчэўскі.
4. чым, на што. Саступіць месца чаму‑н. другому, замяніцца чым‑н. Дзень змяніўся на вечар. Мурашка. Радасць змянілася спалохам, прадчуваннем нечага жудаснага. Шамякін.
5. безас. Разм. Змяніць на сабе бялізну, адзенне. [Боганчык] падумаў, што загібее зусім, калі не зменіцца ў сухое. Пташнікаў.
•••
Змяніцца з твару — набыць іншы выгляд, выраз твару (пад уплывам моцных перажыванняў, хваробы і пад.). Маша прыкметна змянілася з твару, хоць і намагалася не выдаць свайго хвалявання. Шамякін.
змяні́ць, змяню, зменіш, зменіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць інакшым; перамяніць. Змяніць голас. Змяніць выраз твару. □ Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Шамякін.
2. Вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў, што выконваюцца пазменна; пачаць дзейнічаць узамен другога, заступіўшы яго месца. Змяніць дазорных. □ Чырвонаармеец пайшоў на дарогу змяніць варту. Чорны.
3. Адхіліць, зняць з якой‑н. пасады, замясціўшы кім‑н. другім. Змянілі на сяле старасту. Мурашка.
4. З’явіцца на месцы каго‑, чаго‑н., што перастала існаваць, дзейнічаць. Ужо вясну змяніла лета. Крапіва.
5. Перастаць карыстацца чым‑н., узяць узамен другое; перамяніць, замяніць. Змяніць бялізну. □ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны — .. звечарэла. Ваданосаў.
•••
Змяніць гнеў на міласць — дараваўшы каму‑н. што‑н., перастаць гневацца.
змянша́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зменшыцца.
2. Зал. да змяншаць.