змрачнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху змрочны. Змрачнаваты пакой. Змрачнаваты настрой.
змрачне́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. змрочны.
змрачне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Станавіцца змрочным, цёмным. Наплывалі хмары, неба змрачнела. / у безас. ужыв. Неба ўсё больш зацягвалі сырыя снегавыя хмары, і ў лесе змрачнела, як усё роўна пад вечар. Лупсякоў.
2. Станавіцца панурым, хмурным; насуплівацца. Твар у Верамейчыка ўсё больш змрачнеў, лоб пачынаў моршчыцца. Дуброўскі.
змрок, ‑у, м.
1. Адсутнасць святла; цемра. Зусім цёмна. Змрок атуліў .. прасторы. Каваль. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску. Колас.
2. Няпоўная цемната, прыцемак, пры якім можна яшчэ распазнаваць прадметы. У хаце гусцеў змрок, але .. [Пятро] бачыў .. любыя вочы [Сашы], цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Шамякін. // Прыцемак у слаба асветленым месцы, памяшканні.
3. Прыцемак паміж заходам сонца і наступленнем ночы, а таксама перадсвітальны прыцемак. У густым вячэрнім змроку патанула вёска. Анісаў. Станцыя хавалася ў п[е]радранішнім змроку. Лынькоў.
4. перан. Пра атмасферу насілля, беспрасветнасці, безнадзейнасці. У тваім жыцці [рабочага] ранейшым Змрок стаяў кругом. Журба.
змро́кам, прысл.
Прыцемкам, на змярканні. Змрокам, а то й пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан.
змро́чна,
1. Прысл. да змрочны.
2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці змроку, прыцемку дзе‑н. У хляве ўжо было змрочна, і, каб агледзець свіней, Курловіч папрасіў ліхтар. Дуброўскі.
3. безас. у знач. вык.; перан. Аб наяўнасці змрочнага, цяжкага настрою ў каго‑н. Змрочна было на душы Васіля Раманавіча. Няхай.
змро́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць змрочнага.
змро́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.
2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.
3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.
4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.
змру́жыцца, ‑жыцца; зак.
Абл. Заплюшчыцца, самкнуцца (пра вочы, павекі). Якое дзіва тут, Што змружацца павекі: Ад рання інстытут, Пасля — бібліятэкі. Лужанін.
змру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Абл. Заплюшчыць, самкнуць (вочы, павекі). Праз усю ноч, пакуль не было бацькі, ніхто не змружыў вачэй... Кірэенка.