Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змее... (а таксама змен...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «змяя», напрыклад: змеегалоўнік, змеепадобны.

змеевіко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да змеевіка (у 2 знач.). Змеевіковыя пароды.

змеегало́ў, ‑лова, м.

Прэснаводная прамысловая рыба з падоўжаным целам і галавой, падобнай да змяінай (водзіцца ў басейне Амура і возера Ханка).

змеегало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.

Паўзун сямейства яшчарак, які жыве пераважна ў паўпустынях Закаўказзя.

змеегало́ўнік, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства губакветных.

змеепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

З выгляду падобны на змяю. Змеепадобная трубка. Змеепадобнае цела.

зме́еў, змеева.

Нар.-паэт. Які належыць змею. Тым часам змеевы служкі — цівуны ды гайдукі — самі панамі парабіліся. Якімовіч.

змей, змея, м.

1. Разм. Вялікая змяя; тое, што і змяя.

2. Казачнае крылатае страшыдла з тулавам змяі; дракон, цмок. Трохгаловы змей. □ Паехалі яны [браты] ў свет з лютымі змеямі-цмокамі ваяваць. Якімовіч.

3. Дзіцячая цацка, якая складаецца з лёгкага каркаса, абцягнутага паперай ці матэрыяй, і запускаецца на нітцы ў паветра. Сасакі любіла разам з Кіёсі запускаць змея, і аднойчы іх змей падняўся вышэй за ўсіх, што пускалі тады дзеці. Арабей.

4. Пра злога, каварнага чалавека. Ляснічы — змей, ну, аж шалее, Жыўцом грызе сваю ахвяру. Колас.

•••

Аэралагічны змей — лёгкі прывязны планер, які скарыстоўваецца для падымання самапішучых аэралагічных прыбораў у высокія слаі атмасферы.

Зялёны змей — гарэлка.

зме́йка, ‑і, ДМ змейцы; Р мн. змеек; ж.

1. Памянш. да змяя.

2. Машына для ачысткі і сартавання зерня.

3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.

4. Адна з фігур слалама.

зме́йкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае змеепадобную форму; звілісты.

•••

Змейкавы аэрастат гл. аэрастат.