змяніць, змяню, зменіш, зменіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць інакшым; перамяніць. Змяніць голас. Змяніць выраз твару. ▪ Сам таго не падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Шамякін.

2. Вызваліць ад якіх‑н. абавязкаў, што выконваюцца пазменна; пачаць дзейнічаць узамен другога, заступіўшы яго месца. Змяніць дазорных. ▪ Чырвонаармеец пайшоў на дарогу змяніць варту. Чорны.

3. Адхіліць, зняць з якой‑н. пасады, замясціўшы кім‑н. другім. Змянілі на сяле старасту. Мурашка.

4. З’явіцца на месцы каго‑, чаго‑н., што перастала існаваць, дзейнічаць. Ужо вясну змяніла лета. Крапіва.

5. Перастаць карыстацца чым‑н., узяць узамен другое; перамяніць, замяніць. Змяніць бялізну. ▪ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны — .. звечарэла. Ваданосаў.

•••

Змяніць гнеў на міласць — дараваўшы каму‑н. што‑н., перастаць гневацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)