Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зліне́іць, ‑ею, ‑еіш, ‑еіць; зак., што.

Пакрыць якую‑н. паверхню лініямі. Злінеіць ліст паперы.

зліне́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да злінейваць.

зліне́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да злінеіць.

зліня́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў першапачатковы колер, яркасць фарбаў; выцвілы. З кійком у руцэ, у злінялым, выцвілым капелюшы, у латаных штанах уваходзіць Сухалета. Вітка. // перан. Збіты, пошлы. — Новае нельга выказаць толькі старымі, злінялымі словамі. Новаму трэба і новыя словы... Мележ.

зліня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Разм. Страціць першапачатковы колер, яркасць фарбаў; выцвісці. На плячах фрэнча яшчэ не злінялі сляды ад пагонаў. Грахоўскі. [Будынак] пастарэў, трошкі зліняла ўжо золата літар на шыльдзе. Сабаленка. // перан. Прытупіцца, сцерціся (пра пачуцці, перажыванні). Янку здавалася, калі пачне ён пра ўсё гэта расказваць каму б там ні было, дык усе яго самыя яркія адчуванні зліняюць і нічога ад іх не застанецца. Колас.

зліпа́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. зліпацца — зліпнуцца.

зліпа́цца, ‑аецца; незак.

1. Злучацца адзін з адным, прыліпаць адзін да аднаго. Лісты паперы зліпаюцца. □ Валасы [Сцяпана] .. былі вільготныя і зліпаліся, ад усяго цела ішла пара. Чарнышэвіч.

2. Закрывацца, заплюшчвацца ад вялікага жадання спаць (пра вочы, павекі). [Сцёпку] так моцна захацелася спаць, што вочы яго пачалі зліпацца самі. Колас. Віктар раз-пораз з натугай расплюшчваў вочы: павекі зліпаліся, былі цяжкія і непаслухмяныя. Асіпенка.

злі́плы, ‑ая, ‑ае.

Які зліпся, склеіўся, утварыўся ў выніку зліпання, склейвання чаго‑н. Яна глядзіць журботнымі вачамі, Мой чуб камечыць зліплы на ілбе. Гілевіч.

злі́пнуцца, ‑нецца.

Зак. да зліпацца.

злі́тавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Праявіць літасць у адносінах да каго‑н.; змілавацца. Нейкі далёкі бацькаў родзіч.. злітаваўся над удавой і ўладзіў Станіслава ў Асобы Літоўскі корпус, які стаяў у Беластоку. С. Александровіч. [Містэр Пік] страціў пасаду, добра яшчэ, што гаспадар злітаваўся і прыняў яго простым рабочым. Быкаў.

злітава́цца, ‑туецца; зак.

Уст. Спаяцца.