зло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. зніж. З’есці што‑н. — Э, бацька, не ўмееце вы па-лагернаму есці, — адказаў Кісяленка.. — Трэба тут без спеху, з пачуццём, толкам і расстаноўкаю. А вы цапу-лапу і няма! Так можна ўвесь бохан злопаць і не адчуць смаку... С. Александровіч.
зло́сна, прысл.
1. Са злосцю, нядобразычліва (сказаць, глянуць і пад.). Сцёпа злосна агрызнуўся: — Чуў ужо. Адчапіцеся! Курто.
2. Вельмі моцна, бязлітасна, люта. Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Лужанін. / у перан. ужыв. Злосна стагналі вятры над курганамі, Хмары насіліся чорнаю хваляй. Купала.
3. Разм. Горача, заўзята. Хлопцы працавалі ўпарта, нават злосна. Шыцік.
зло́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць злоснага. [Фішара] прыгнятала нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць ягонай грубай салдацкай натуры. Быкаў.
зло́снік, ‑а, м.
Чалавек, які мае зло на каго‑н.; нядобразычлівец, вораг. Здалося [Паходні], што на яго глядзяць у гэты час зводдалі сябры і злоснікі — адны добразычліва, другія асуджальна, глядзяць і чакаюць яго слова. Хадкевіч. — Ніякаму гаду нас не адолець! Гэта я ведаю. Багата мы бачылі іх, усякіх злоснікаў. Лынькоў.
зло́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да злосніка, уласцівы злосніку. Злосніцкі паклёп. Злосніцкія нагаворы.
зло́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Злавацца на каго‑н., выказваць, праяўляць злосць.
зло́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны злосці, варожасці, нядобразычлівасці. Злосны чалавек. □ — Ну, а чаму ж ты такая вось? — Якая? — Ды злосная. Проста дакрануцца нельга да цябе. А яшчэ кажаш, што не злуеш. Галавач. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Несправядлівы, прадузяты. Хлуснёй імкнуўся злосны крытык ад свету праўду ўсю закрыць. Дубоўка. // Які выражае злосць. Хама Хаміч пасвяціў у кабінку. Там сядзеў мужчына і пазіраў на яго злоснымі вачамі. Корбан. І тут жа твар.. [Касі] стаў суровы і злосны. Скрыган. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё. Адамчык. — Я напісала яму злоснае пісьмо. Шамякін.
2. Сярдзіты, куслівы, злы (пра жывёл). [Галя] ужо ўзялася за клямку, як раптам падумала: «А што, калі там злосны сабака, як Дальма ў дзядзькі Захара». Арабей.
3. Бязлітасны, жорсткі. [Бушмар] пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Чорны. // перан. Моцны, люты (пра мароз, вецер і пад.). За сялом, за пералескам Злосны вецер свішча, — Там спраўляе завіруха У палях ігрышча. Русак.
4. Свядома нядобрасумленны; зламысны. Злосны злачынец. □ Злосны шкоднік быў раскрыты — Заатэхнік той стары. Броўка.
злосць, ‑і, ж.
1. Пачуццё варожасці, нядобразычлівасці ў адносінах да каго‑н.; жаданне прычыняць зло. Прыгадвалася, як Аніс накінуўся на яго, але злосці ў Макара на Аніса не было. Дуброўскі. У поглядзе Карнейчыка адчувалася ўнутраная злосць да гэтага чалавека. Барашка.
2. Пачуццё гневу, незадаволенасці, раздражнення. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. Чарнышэвіч. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе. Шамякін.
•••
Лопнуць ад злосці гл. лопнуць.
На злосць каму — тое, што і на зло (гл. зло).
Як на злосць — тое, што і як на зло (гл. зло).