Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыпламаты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дыпламатычнага. Дыпламатычнасць у паводзінах.

дыпламаты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дыпламатыі (у 1 знач.), да дыпламата (у 1 знач.). Дыпламатычныя адносіны.

2. перан. Уласцівы дыпламату (у 2 знач.); тонкі, умелы. Дыпламатычны адказ. □ Хлопцы вялі з ім [галоўным інжынерам] дыпламатычную гутарку, усё спадзеючыся, што інжынер, нарэшце, скажа, чым электрастанцыя аддзякуе студэнтам за работу. Карпюк.

•••

Дыпламатычнае прадстаўніцтва гл. прадстаўніцтва.

Дыпламатычны кур’ер гл. кур’ер.

дыплама́тыя, ‑і, ж.

1. Дзейнасць урада па ажыццяўленню знешняй, міжнароднай палітыкі дзяржавы мірным шляхам.

2. перан. Тонкі разлік, умельства і спрыт у дзеяннях, накіраваных на дасягненне якой‑н. мэты. Каця адкінула прэч усялякую дыпламатыю і спытала проста, патрабавальна: — Скажы, Рая, чаму ты капрызнічаеш? Шамякін.

[Фр. diplomatie.]

дыпло́м, ‑а, м.

1. Дакумент аб заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, а таксама аб прысуджэнні вучонай ступені ці прысваенні ганаровага звання. Універсітэцкі дыплом. Дыплом кандыдата філалагічных навук. Дыплом старшага навуковага супрацоўніка.

2. Пасведчанне, грамата, якія прысуджаюцца за якія‑н. дасягненні, поспехі і пад. Дыплом конкурсу піяністаў. □ Калгас быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі і атрымаў дыплом другой ступені. Жычка.

3. Разм. Работа, даследаванне, праект, якія выконваюцца пры заканчэнні вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы; дыпломная работа.

•••

Дыплом з адзнакай — дыплом спецыяліста, які закончыў вышэйшую навучальную ўстанову з выдатнымі адзнакамі.

[Фр. diplôme з грэч.]

дыпло́мнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і дыпламант (у 1 знач.).

дыпло́мніца, ‑ы, ж.

Жан. да дыпломнік.

дыпло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дыплома.

2. Выкананы для атрымання дыплома (у 1 знач.). Дыпломны праект. Дыпломная работа.

ды́пціх, ‑а, м.

1. У старажытных грэкаў і рымлян — складна́я, пакрытая воскам дошчачка для пісьма.

2. Двухстворкавы складзень з жывапісным або рэльефным малюнкам на кожнай створцы.

3. Кампазіцыя з дзвюх карцін, звязаных адзіным замыслам.

[Грэч. diptychos — двайны.]