Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ша́ндра, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая меданосная расліна сямейства губакветных.

ша́нец, ‑нца, м.

Часовае палявое ўмацаванне ў Расіі ў 17–19 стст.

[Польск. szaniec ад ням. Schanze.]

ша́нкер, ‑у, м.

У выразах: мяккі шанкер — інфекцыйнае венерычнае захворванне; цвёрды шанкер — першае праяўленне захворвання сіфілісам у выглядзе язвы, якая ўзнікае на месцы заражэння інфекцыяй.

[Фр. chancre.]

ша́нкерны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шанкеру. Шанкерная язва.

шано́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шаноўнага (у 1 знач.).

шано́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Дастойны павагі, паважаны. — Вы не знойдзеце нідзе Працы больш шаноўнае. Дзе ні вуліца, ні пляц, Як паглядзіш — мой палац. Астрэйка. // Які выклікае павагу. Шаноўныя гады. □ Народ наш старасць паважае. Заўжды схіляецца перад сівой Шаноўнай галавой. Корбан.

2. (звычайна ў звароце). Вельмі паважаны. Вы памыліліся, шаноўны грамадзянін, Вы па старому адрасу, а там мяне няма. А. Александровіч. / у іран. ужыв. [Вольга:] — Дарэчы, я ніяк не вызначу, якой масці наш шаноўны кватарант? Новікаў. / у знач. наз. шано́ўны, ‑ага, м.; шано́ўная, ‑ай, ж. Крык разбудзіў нечакана: — Гэй, уставайце, шаноўныя! Куляшоў. — Дык вось, шаноўны, — зноў пачаў Шарон (Даўней блізкіх шаноўнымі зваў ён). Танк.

шанс, ‑у, м.

Умова, якая можа забяспечыць удачу, поспех; магчымасць. Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. А прастудзіцца ў загартаванага рыбалова куды менш шансаў, чым у таго, хто ўзімку горнецца да цёплай печкі. Матрунёнак.

[Фр. chance.]

шансане́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. У дарэвалюцыйным і замежным тэатры — эстрадная песенька жартаўлівага, часта фрывольнага зместу.

2. Спявачка, якая выконвае такія песні.

[Фр. chansonnete.]

шансане́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шансанеткі, які выконваюць шансанеткі. Шансанетная песенька. Шансанетныя спявачкі.

шансанье́, нескл., м.

Французскі эстрадны спявак, а таксама паэт, які піша такія песенькі.

[Фр. chansonnier.]