Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звіню́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Звонкі, са звонам (у 2 знач.). Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы меланхалічны, звінючы гук. Чорны.

звіса́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. звісаць — звіснуць.

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

зві́слы, ‑ая, ‑ае.

Які звіс, апусціўся; абвіслы. Звіслыя вусы. Звіслае галлё.

зві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.

Зак. да звісаць.

звіў, звіву, м.

Выгіб, звіліна. Дарогі, цёмныя дарогі! Вы так маўклівы, вы так строгі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Хто вашы звівы ўсе праверыць? Колас. Таямнічымі звівамі беглі дарожкі праз гушчары да вёсак. Пестрак.

звіх, ‑у, м.

Разм. Зрушэнне касцей у суставе ў выніку падзення, удару і пад.; вывіх. Звіх нагі.

звіхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Страціць розум; звар’яцець. — Звіхнуцца можна ад такога візгату. Пянкрат.

2. Збіцца з правільнага жыццёвага шляху, пачаць весці ганебны спосаб жыцця. Перад абліччам смерці чалавек звіхнуўся адзін раз, учыніў злачынства, ратуючы сваю шкуру, тады пайшло і пайшло. Карпюк. Час ішоў, а Юрась не вяртаўся. «Няўжо зноў звіхнуўся хлопец? — думаў Рыгор. — Няўжо злодзеем на ўсё жыццё застаўся? Не...» Лукша. // Сысці з правільных, прагрэсіўных пазіцый, пачаць раздзяляць няправільныя погляды.

звіхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм. Зрабіць вывіх; вывіхнуць. — Я шукаў карову і ў лесе, бегучы, ступіў у зарослую дзеразой яму і ўпаў, і вельмі нага баліць. Мусіць гэта я нагу звіхнуў. Чорны.

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.