Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сканапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.

Разм. Канапацячы, зрасходаваць, патраціць. Сканапаціць пакулле.

сканапа́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сканапаціць.

скана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Памерці. Аднойчы пасля сваркі разгарачыўся дзед, выпіў конаўку халоднай вады, а цераз дзень і сканаў. Лужанін. [Ганна] кінулася перавязваць дзяўчынку, але гэта былі дарэмныя клопаты, дзяўчынка некалькі разоў пазяхнула і на руках сканала. Гурскі.

2. перан. Знікнуць, скончыцца. Агеньчык сканаў, паглынуўшы сухое галлё, і вогнішча пакрылася сіняватым налётам попелу. Хадкевіч. Так і сканаў дзень, столькі часу прапала дарэмна! Новікаў.

скандава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скандаваць.

скандава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скандаваць.

скандава́цца, ‑дуецца; незак.

Зал. да скандаваць.

скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.

Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.

[Лац. scandere.]

сканда́л, ‑у, м.

1. Падзея, якая ганьбіць яе ўдзельнікаў, ставіць іх у няёмкае становішча. Я думаў, што зараз будзе вялікі скандал, бо я не толькі не змагу сказаць ніводнага слова, але і павалюся на сцэне. Рамановіч.

2. Сварка з крыкам, бойкай і пад. Саўка Мільгун.. нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ нырнуў яго, войта, нажом у бок. Колас. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў. Усё абышлося ціха, без скандалу. Васілевіч.

[Фр. scandale.]

скандалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто ўчыняе скандалы, скандаліць. [Стараста:] — Валацуга і скандаліст, бадзяўся па гарадах, капейкі пры душы ніколі не меў, .. у нашым родзе, гэткіх ніколі не было... Самуйлёнак.

скандалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да скандаліст.