Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шама́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шамана, шаманства. Шаманская маска. □ [Эліо:] — Праўда, ён [культурны чалавек] не б’е ў бубен і не танцуе, а чытае свае шаманскія заклінанні з кніжкі ў прыгожым пераплёце. Машара.

шама́нства, ‑а, н.

1. Форма рэлігіі, культ духаў, магія ў некаторых народаў Сібіры, паўночнай і сярэдняй Азіі, Інданезіі, Амерыкі, Акіяніі, Афрыкі. Дзікунства і шаманства знішчылі абарыгенаў гэтага краю [ніўхаў]. Грахоўскі.

2. Занятак шамана; вядзьмарства. — Бегае [шаман], скача вакол хворага, б’е ў бубен — хворага лечыць. За шаманства ён, вядома, браў плату. Бяганская.

шаматкі́, ‑ая, ‑ое.

Які шамаціць; шаматлівы. Бы і не было нічога, акрамя грабель, акрамя шаматкога сена, спрыту, дужасці ў руках. Мележ. Пальцы [Марфы] абмацвалі шаматкую паперу. Савіцкі.

шаматлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які шамаціць, шапаціць, шастае. Вецер ускудлаціў верхавіны дрэў, кінуўшы на зямлю поўныя бярэмы шаматлівага лісту. Лынькоў. На другой сцяне вісяць шаматлівыя вянкі цыбулі, нізкі духмяных грыбоў. Каліна.

шамаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шамацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачулася шамаценне шоўку. Асіпенка. Ледзь паспелі хлопцы расправіцца з нязваным госцем, як за дзвярыма пачулася зноў шамаценне... Кавалёў.

шамаце́ць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; незак.

Шапацець, шумець. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ. // чым. Утвараць лёгкі шум, шорах, кратаючы, рухаючы што‑н., чым‑н. Чуваць было, як Зянькевіч шамаціць паперай. П. Ткачоў. За акном паціху шамацела апошнімі лісцямі старая ліпа. Галавач.

шамая́, ‑і, ж.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, распаўсюджаная ў басейнах Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага нораў.

[Перс.]

ша́мканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. шамкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

ша́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Гаварыць невыразна, шапялявячы. Вось яны [дзяўчаты] адважылі хлеб старому чалавеку, бадай што дзядулю. У яго трэсліся рукі, калі браў хлеб, і нешта шамкаў бяззубы рот, відаць, дзякаваў дзяўчатам. Лынькоў. [Журко:] — Мог выказаць сваю нязгоду і на камітэце. А то стаіць, шамкае нешта. Савіцкі.

шамкі́, ‑оў; адз. няма.

Бразготкі, бомы. Гаворку мужчын раптам перарвала бразгатанне шамкоў і лёскат жалезных восей з Грамабоевага падворку. Крапіва. Дзесьці гудзе паравік і звоняць рамізніцкія шамкі. Гартны.