зло́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да злосніка, уласцівы злосніку. Злосніцкі паклёп. Злосніцкія нагаворы.
зло́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Злавацца на каго‑н., выказваць, праяўляць злосць.
зло́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны злосці, варожасці, нядобразычлівасці. Злосны чалавек. □ — Ну, а чаму ж ты такая вось? — Якая? — Ды злосная. Проста дакрануцца нельга да цябе. А яшчэ кажаш, што не злуеш. Галавач. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Несправядлівы, прадузяты. Хлуснёй імкнуўся злосны крытык ад свету праўду ўсю закрыць. Дубоўка. // Які выражае злосць. Хама Хаміч пасвяціў у кабінку. Там сядзеў мужчына і пазіраў на яго злоснымі вачамі. Корбан. І тут жа твар.. [Касі] стаў суровы і злосны. Скрыган. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё. Адамчык. — Я напісала яму злоснае пісьмо. Шамякін.
2. Сярдзіты, куслівы, злы (пра жывёл). [Галя] ужо ўзялася за клямку, як раптам падумала: «А што, калі там злосны сабака, як Дальма ў дзядзькі Захара». Арабей.
3. Бязлітасны, жорсткі. [Бушмар] пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Чорны. // перан. Моцны, люты (пра мароз, вецер і пад.). За сялом, за пералескам Злосны вецер свішча, — Там спраўляе завіруха У палях ігрышча. Русак.
4. Свядома нядобрасумленны; зламысны. Злосны злачынец. □ Злосны шкоднік быў раскрыты — Заатэхнік той стары. Броўка.
злосць, ‑і, ж.
1. Пачуццё варожасці, нядобразычлівасці ў адносінах да каго‑н.; жаданне прычыняць зло. Прыгадвалася, як Аніс накінуўся на яго, але злосці ў Макара на Аніса не было. Дуброўскі. У поглядзе Карнейчыка адчувалася ўнутраная злосць да гэтага чалавека. Барашка.
2. Пачуццё гневу, незадаволенасці, раздражнення. Іншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калі ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены і знямоглы. Чарнышэвіч. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць і намагаўся задушыць яе. Шамякін.
•••
Лопнуць ад злосці гл. лопнуць.
На злосць каму — тое, што і на зло (гл. зло).
Як на злосць — тое, што і як на зло (гл. зло).
злот, ‑а, М злоце, м.
Тое, што і злоты (у 1 знач.).
зло́тнік, ‑а, м.
Уст. Тое, што і залатар (у 1 знач.). Перш уздумалася .. [Любе] несці пярсцёнак да злотніка, каб той пераліў яго на завушніцы. Кулакоўскі.
зло́ты, ‑ага, м.
1. Даўнейшая польская сярэбраная манета, роўная пятнаццаці рускім капейкам.
2. Грашовая адзінка ў Польскай Народнай Рэспубліцы.
злоўжыва́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. злоўжываць.
2. Учынак, звязаны з незаконным выкарыстаннем чаго‑н. у шкоду іншым. Прыняць меры да спынення злоўжыванняў.
злоўжыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.
Незаконна, нядобрасумленна выкарыстоўваць што‑н., карыстацца чым‑н. Злоўжываць давер’ем. Злоўжываць службовым становішчам. // Празмерна выкарыстоўваць што‑н., ужываць у большай колькасці, чым трэба. Злоўжываць цытатамі. □ Іван Мацвеевіч хадзіў па пакоі і курыў цыгарэту за цыгарэтай, хоць дагэтуль я не заўважаў, каб ён злоўжываў курывам. Васілёнак.
злоўжы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце.
Зак. да злоўжываць.