Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад шаляваць.

2. у знач. прым. Абшыты дошкамі. Двор быў абнесены тынам, а шаляваныя вароты віселі паміж пашарэлых дубовых шулаў. Чыгрынаў.

шалява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да шаляваць.

шалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Абшываць шалёўкай (у 2, 4 знач.). Шаляваць хату. □ [Вінцэсь] шаляваў вокны, а сам пасміхаўся, сочачы за Марыляй: яна быццам пасталела, нат падрасла, пасыцела трохі ў целе, але ўсё ж асталася зграбнай. Мікуліч.

шаляні́ца, ‑ы, м. і ж.

1. Безразважны чалавек; дзівак. — Пусці!.. Ах!.. А няхай цябе з маладзіцаю! От шаляніца, чуць усе вантробы не вытрасла, — злаваўся нарокам Сцяпан. Крапіва.

2. Дураслівы, свавольны чалавек. А гэты Юзік-шаляніца, Малы яшчэ, зусім дурніца, Так пад нагамі і таўчэцца. Колас.

шалясце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шалясцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Вера пачула шум у вёсцы і адразу вылучыла сярод яго звыклае шалясценне таполяў. Кулакоўскі. [Алесю] вельмі захацелася пабачыць Анежку, пачуць яе смех.., пачуць лёгкае шалясценне.. зялёнай сукенкі, у якой ён бачыў яе апошні раз. Броўка.

шалясце́ць, ‑ляшчу, ‑лясціш, ‑лясціць; незак.

Шапацець, шамацець. Салома звонка шалясціць і павявае задуменнасць вялікай далечыні. Чорны. Калыхаліся, шумелі Вольныя бярозы, Шапацелі, шалясцелі Трыснягі ды лозы. Купала. // чым. Утвараць шамаценне, шастанне, шорах. Пад вокнамі хаты ціхутка шалясцелі лістамі адцвіўшыя грушы і яблыні. Новікаў.

шамазі́т, ‑у, М ‑зіце, м.

Мінерал шаравата-зялёнага або чорнага колеру, складаны сілікат жалеза і магнію; жалезная руда. Залежы шамазіту.

[Ад геагр. назвы.]

шама́н, ‑а, м.

Чараўнік, знахар у народаў, рэлігія якіх заснавана на кульце духаў, на магіі. — Шаманы, ведзьмары яго [народ] лячылі, шаптухі зеллем кармілі, народ выміраў. Рамановіч.

[Эвенкійскае — узбуджаны.]

шама́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Займацца шаманствам; выконваць абрад шаманства. — Анкат, гэта і ёсць шаман? — запытаў я ціха. — Шаман, шаман. — А што ён робіць? — Шаманіць, з духамі гаворыць, хворага лечыць. Бяганская. // перан. Чараваць. Шаманіць над катлом чабан З даўгім нажом, З двухзубцам. Барадулін. Па берагах не вельмі высокі, але стромкі меднастволы кедрач, густыя зараснікі тальніку, на рацэ дзе-нідзе чарнеюць лункі, ля якіх шаманяць над стаўнымі сеткамі рыбакі. «Маладосць».

шама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да шаман.