Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зло́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да злажыць.

зло́жніца, ‑ы, ж.

Спец. Металічная форма для адліўкі металу ў выглядзе злітка.

злом, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зламаць.

2. Месца, на якім што‑н. зламана, надламана. Над сталёвай абшыўкай тырчаў тоўсты медны шпянёк, на якім быў выразна відаць злом. Гамолка.

•••

На злом галавы — тое, што і на скрут галавы (гл. скрут.).

зло́мак, ‑мка, м.

1. Непрыгодная, паламаная рэч. — Плуга новага дагэтуль мне не даверылі, а ўсё зломкі. Кірэйчык. // Адламаны кавалак чаго‑н. [Хлопцы] знайшлі неяк зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль.

2. (звычайна з адмоўем). Разм. Пра слабага, надарванага чалавека. — Ты мне скажы, — раптам ажыўляецца Марфа, — знойдзеш ты хоць аднаго мужыка, няхай сабе самага апошняга зломка на сяле, каб ён застаўся ўдаўцом? Васілевіч. На развітанне ён сурова сказаў брату: — Не будзь зломкам. Не марнуй часу... Шыловіч.

зло́маны,

гл. зламаны.

зло́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. зніж. З’есці што‑н. — Э, бацька, не ўмееце вы па-лагернаму есці, — адказаў Кісяленка.. — Трэба тут без спеху, з пачуццём, толкам і расстаноўкаю. А вы цапу-лапу і няма! Так можна ўвесь бохан злопаць і не адчуць смаку... С. Александровіч.

зло́сна, прысл.

1. Са злосцю, нядобразычліва (сказаць, глянуць і пад.). Сцёпа злосна агрызнуўся: — Чуў ужо. Адчапіцеся! Курто.

2. Вельмі моцна, бязлітасна, люта. Камары кусаліся ўсё гэтак жа злосна, не зважаючы ні на якія захады. Лужанін. / у перан. ужыв. Злосна стагналі вятры над курганамі, Хмары насіліся чорнаю хваляй. Купала.

3. Разм. Горача, заўзята. Хлопцы працавалі ўпарта, нават злосна. Шыцік.

зло́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць злоснага. [Фішара] прыгнятала нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць ягонай грубай салдацкай натуры. Быкаў.

зло́снік, ‑а, м.

Чалавек, які мае зло на каго‑н.; нядобразычлівец, вораг. Здалося [Паходні], што на яго глядзяць у гэты час зводдалі сябры і злоснікі — адны добразычліва, другія асуджальна, глядзяць і чакаюць яго слова. Хадкевіч. — Ніякаму гаду нас не адолець! Гэта я ведаю. Багата мы бачылі іх, усякіх злоснікаў. Лынькоў.

зло́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да злоснік.