Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

злі́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да злічыцца.

2. Зал. да злічваць.

злі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да злічыць.

злічы́цца, злічыцца; зак.

Аказацца злічаным; падлічыцца. Даходы ў канцы года злічацца.

злічы́ць, злічу, злічыш, злічыць; зак., каго-што.

Вызначыць суму, колькасць; пералічыць, палічыць. Агнёў на пуці не злічыш: і белыя, і зялёныя, і чырвоныя. Лынькоў. Алёшка не змог злічыць, колькі тут прайшло людзей, зблытаўся. Пташнікаў.

злічэ́нне, ‑я, н.

1. Улік, падлік. Злічэнне гадоў. □ Выпала часіна Падв[е]сці злічэнне Крыўды векавечнай, Вечнага цярпення. Купала.

2. Спосаб выражэння і абазначэння лікаў. Дзесятковая сістэма злічэння.

зло, ‑а, н.

1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.

2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.

•••

На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.

зло... (а таксама зла...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: а) зло, напрыклад: злоўжыванне; б) злы, напрыклад: злоязычны.

зло́ба, ‑ы, ж.

Тое, што і злосць (у 1 знач.). Нянавісць і злоба заслала.. вочы. Колас. [Мікалай:] Гэтулькі ў ім злобы, гэтулькі неміласэрнасці, што, здаецца, гэта не чалавек. Ніякага спачування, ніякай ласкі. Чорны.

•••

Злоба дня — пра тое, што прыцягвае ўвагу, займае ўсіх у даны момант. Адбор сцэн дыктаваўся ідэйнай задачай, злобай дня. У. Калеснік.

На злобу дня — на актуальную, надзённую тэму.

зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.

1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.

2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

•••

Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

зло́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад злажыць.