зве́рнуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад звярнуць.
2. Накіраваны на каго‑н., адрасаваны каму‑н. Вершы і песні рабочых паэтаў непасрэдна звернуты да народа і падпарадкаваны задачам вызваленчай барацьбы пралетарыяту. Івашын.
зве́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы зверу (у 2 знач.).
2. Жорсткі, люты, дзікі. Зверскія расправы. □ Немцы шалелі, наладжвалі зверскія кары. Лынькоў.
3. Разм. Вельмі вялікі; надзвычайны. Зверскі апетыт.
зве́рства, ‑а, н.
1. Крайняя жорсткасць, лютасць. Купала гнеўна выказвае сваю нянавісць да чорнай рэакцыі, якая з нечуваным цынізмам і зверствам душыла рэвалюцыйны народ. Майхровіч.
2. звычайна мн. (зве́рствы, ‑аў). Крайне жорсткія, бязлітасныя ўчынкі. Тады аб гітлераўскіх зверствах мала хто ведаў, але Кася адчула нешта нядобрае і кінулася ў лес. Карпюк.
зве́рстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Абыходзіцца крайне жорстка з кім‑н.; лютаваць. Ворагі зверствуюць.
зве́рху, прысл.
1. На паверхні чаго‑н., на чым‑н. Поўная ліпаўка баравікоў... Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык. Лынькоў.
2. У верхняй частцы чаго‑н., над чым‑н. Звычайна ў нарадзе пішацца рабочае заданне, а зверху ставіцца шыфр аддзела, цэха ці аб’екта, куды будзе аднесена гэта работа. Скрыган.
3. Па паверхні, з вонкавага боку. Хлеб зверху заплеснеў. □ Сцюжа прабірае «Салаўя». Але гэта толькі зверху — рукі, твар. Унутры цёпла, ажно горача... Бядуля.
4. У напрамку ўніз; з чаго‑н., размешчанага ўверсе. На дварэ было ціха: ні зверху нічога не падала, ні па нізе не мяло. Лобан. // перан. З боку вышэйстаячых, кіруючых органаў. — Пасля смерці братоў прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да [той] пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
зве́ршчык, ‑а, м.
Работнік па зверцы чаго‑н. з чым‑н.
зверына́, ‑ы і звяры́на, ‑ы, ж.
1. зб. Звяры. Лес быў вялікі і глухі, зверыны рознай ды птаства многа вадзілася. Чарнышэвіч. Рынулася наўцёкі звярына. Беглі, як ашалелыя, мядзведзі, ваўкі, дзікія козы, лісіцы. Пальчэўскі.
2. Разм. Вялікі звер. Арлоўскі ўстрапянуўся. Буйная звярына сама ішла на яго... Паслядовіч.
3. Тое, што і звер (у 2 знач.). Зверына, а не чалавек.
зве́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
1. Праверыць што‑н. па якіх‑н. даных, зрабіць даведку. Пару разоў ён зверыўся па гадзінніку, пэўна мяркуючы расцягнуць зборы да гудка. Гартны.
2. Разм. Зняверыцца.
зве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Параўнаць з чым‑н. з мэтай праверкі; праверыць. Зверыць гадзіннікі. Зверыць копію з арыгіналам. □ Валя зверыла свой адказ з адказам па задачніку і засталася яўна расчараванай несупадзеннем. Васілевіч.