зверху, прысл.

1. На паверхні чаго‑н., на чым‑н. Поўная ліпаўка баравікоў... Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык. Лынькоў.

2. У верхняй частцы чаго‑н., над чым‑н. Звычайна ў нарадзе пішацца рабочае заданне, а зверху ставіцца шыфр аддзела, цэха ці аб’екта, куды будзе аднесена гэта работа. Скрыган.

3. Па паверхні, з вонкавага боку. Хлеб зверху заплеснеў. ▪ Сцюжа прабірае «Салаўя». Але гэта толькі зверху — рукі, твар. Унутры цёпла, ажно горача... Бядуля.

4. У напрамку ўніз; з чаго‑н., размешчанага ўверсе. На дварэ было ціха: ні зверху нічога не падала, ні па нізе не мяло. Лобан. // перан. З боку вышэйстаячых, кіруючых органаў. — Пасля смерці братоў прыехаў сюды ненадоўга, а застануся тут, мабыць, да [той] пары, пакуль зверху ці знізу скамандуюць: «стоп, машына!» Самуйлёнак.

•••

Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)