вершатво́рства, ‑а, н.
Уст. Тое, што і вершапісанне.
верыфіка́цыя, ‑і, ж.
Спец. Эмпірычнае пацвярджэнне тэарэтычных палажэнняў навукі.
[Ад лац. verus — ісцінны і facio — раблю.]
ве́рыцца, ‑рыцца; безас. незак., каму-чаму (звычайна з адмоўем).
Мець пачуццё ўпэўненасці ў верагоднасць чаго‑н. [Адзін з чырвонаармейцаў:] — Зусім не верыцца.., што ёсць яшчэ дзесь на свеце паны і здзек чалавека над чалавекам. Чорны. Руды наш стаў дабёр і гладак, Не верыцца, што ёсць і косці. Крапіва.
ве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. у што. Быць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Верыць у перамогу. □ Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт. Цётка. [Усевалад:] — Я не веру, каб чалавек з такой чулай і харошай душой, як у вас, быў помслівы і зласлівы. Скрыган. // у каго. Лічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. [Надзя:] — Я верыла ў.. [Косцю], як у чалавека верыла. Разумееце, чалавека. Лынькоў.
2. у што і чаму. Прымаць за праўду, лічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Верыць у сны і прыкметы. Верыць кожнаму слову. Верыць чуткам. □ Выйду, гляну на палі, даліны — Жнуць камбайны спелыя аўсы, І не лёгка верыць успамінам Пра царскія, змрочныя часы... Лойка.
3. каму. Давяраць каму‑н. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. [Марына:] — Ты сябра мой даўні, І я табе веру. Прыходзька.
4. Быць веруючым. Верыць у бога.
•••
Верыць (паверыць) на слова — лічыць (палічыць) праўдзівымі словы, не пацверджаныя доказамі.
Не верыць сваім вушам (вачам) — вельмі здзіўляцца, пачуўшы, убачыўшы што‑н. нечаканае. Глянуў Віктар — і вачам сваім не верыць. — А дзе ж човен? Маўр.
вярзці́ і ве́рзці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, верзяце; пр. вёрз, вярзла і верзла, ‑ло; незак., што.
Разм. Гаварыць недарэчнасці, бязглуздзіцу.
•••
Вярзці (малоць, плесці) лухту — балбатаць, гаварыць што‑н. неверагоднае, недарэчнае.
вярзці́ся і ве́рзціся, ‑зецца; пр. вёрзся, вярзлася, ‑лося; незак.
Разм. Бязладна ўзнікаць, здавацца ва ўяўленні; блюзніцца. — Сяджу я ды думаю... А што думаю, дык і сам добра не разбяру — вось вярзецца нешта. Крапіва.