верыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. у што. Быць цвёрда перакананым, упэўненым у чым‑н. Верыць у перамогу. ▪ Веру, братцы, ў нашу сілу, Веру ў волі нашай гарт. Цётка. [Усевалад:] — Я не веру, каб чалавек з такой чулай і харошай душой, як у вас, быў помслівы і зласлівы. Скрыган. // у каго. Лічыць каго‑н. здольным здзейсніць надзеі, спадзяванні. [Надзя:] — Я верыла ў.. [Косцю], як у чалавека верыла. Разумееце, чалавека. Лынькоў.
2. у што і чаму. Прымаць за праўду, лічыць верагодным, адпаведным рэчаіснасці. Верыць у сны і прыкметы. Верыць кожнаму слову. Верыць чуткам. ▪ Выйду, гляну на палі, даліны — Жнуць камбайны спелыя аўсы, І не лёгка верыць успамінам Пра царскія, змрочныя часы... Лойка.
3. каму. Давяраць каму‑н. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. [Марына:] — Ты сябра мой даўні, І я табе веру. Прыходзька.
4. Быць веруючым. Верыць у бога.
•••
Верыць (паверыць) на слова — лічыць (палічыць) праўдзівымі словы, не пацверджаныя доказамі.
Не верыць сваім вушам (вачам) — вельмі здзіўляцца, пачуўшы, убачыўшы што‑н. нечаканае. Глянуў Віктар — і вачам сваім не верыць. — А дзе ж човен? Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)