нядзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нядзелі (у 1 знач.), уласцівы ёй. Нядзельны дзень. Нядзельны ранак. □ Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны.
•••
Нядзельныя школы гл. школа.
нядзе́ля, ‑і, ж.
1. Сёмы дзень тыдня, агульны дзень адпачынку. Час бяжыць: вось толькі ўчора была субота, а сёння ўжо і нядзеля. Крапіва. Усе дні тыдня Аўгіня з нецярплівасцю чакае нядзелі. Бядуля.
2. Тое, што і тыдзень. Плылі ў турбоце дні, нядзелі. Колас.
•••
Вербная нядзеля — назва нядзелі за тыдзень да вялікадня.
Крывавая нядзеля — дзень расстрэлу царскім урадам мірнай дэманстрацыі рабочых у Пецярбургу 9 студзеня 1905 г.
нядзе́ючы, ‑ая, ‑ае.
Які не дзейнічае, перастаў дзейнічаць. Нядзеючая ўстаноўка.
нядо́бра,
1. Прысл. да нядобры (у 1, 3–5 знач.).
2. безас. у знач. вык. Дрэнна. Марылька глядзіць на.. [бацьку] і маўчыць. А потым пытаецца: — Праўда, тата, — хварэць нядобра? Брыль. // Не ўсё ў парадку, не па душы. На жаль, і так яшчэ бывае. Сапун сядзіць, на іншых наракае: Прамашка ў гэтага, памылка ў таго... Усё яму нядобра, слаба. Корбан.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. [Вера:] — Табе нядобра, мая ягадка? Ты, можа, вады вып’еш? Паслядовіч.
нядобразычлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць нядобразычлівага; непрыязнасць. Сітнік спачатку разгубіўся, ён не чакаў, што яго шчырыя парады Шамота, чалавек, якога ён паважае, палічыць за нядобразычлівасць. Дуброўскі.
нядобразычлі́вец, ‑ліўца, м.
Чалавек, які нядобразычліва настроены ў адносінах да каго‑, чаго‑н.
нядобразычлі́віца, ‑ы, ж.
Жан. да нядобразычлівец.
нядобразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не зычыць дабра каму‑н., непрыязна настроены ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Нядобразычлівыя людзі. // Які выражае непрыязнасць да каго‑, чаго‑н. Нядобразычлівы позірк. □ Пытанні [Акінчыца], як здалося Максіму, былі нядобразычлівыя, а часам нават правакацыйныя, быццам.. юрыст наўмысна стараўся збіць яго з панталыку, пазбавіць логікі. Машара.
нядобранадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уст. Уласцівасць нядобранадзейнага.
нядобранадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які не заслугоўвае даверу ў палітычных адносінах. // У дарэвалюцыйнай Расіі — такі, што выклікаў ва ўрадавых колах падазрэнні ў спачуванні рэвалюцыйным ідэям, прыналежнасці да рэвалюцыйнай арганізацыі.