Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

варэ́нікі, ‑аў; адз. варэнік, ‑а, м.

Від вараных піражкоў, начыненых ягадамі, тварагом і пад. Варэнікі з вішнямі.

варэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. варыць (у 1 знач.).

2. Ягады, фрукты, звараныя з цукрам, мёдам. Яблычнае варэнне. □ Мама тым часам зварыла варэнне і прынесла ў наш пакой, каб яно астыла. Пальчэўскі.

вар’ява́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. вар’явацца.

вар’ява́цца, ‑р’ююся, ‑р’юешся, ‑р’юецца; незак.

Знаходзіцца ў стане крайняга ўзбуджэння, злосці, раз’юшанасці. — Гэта не людзі, а ліха ведае што такое! — у шаленстве крычаў Бергнер і ўжо не хадзіў па пакоі, а бегаў з кутка ў куток, вар’яваўся. Гурскі. А ў самога ў мяне кіпела, вар’явалася ад зайздрасці нутро. Сабаленка.

вар’ява́ць, ‑р’юю, ‑р’юеш, ‑р’юе; незак.

1. Тое, што і вар’явацца.

2. каго. Раздражняць, злаваць, даводзіць да шаленства.

вар’я́т, ‑а, М ‑р’яце, м.

1. Псіхічна хворы чалавек. Хто цяпер пашкадуе залатаных стрэшак? Хіба толькі вар’ят або вораг які. Дудар.

2. Лаянк. Той, хто дзейнічае безразважна; шалёны; дзівак. [Вольга Сцяпанаўна:] — Ну, дай жа ты дзіцяці казку паслухаць! Добры бацька сам расказаў бы, а ён і паслухаць не дае. Вось вар’ят ужо! Колас.

вар’я́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да вар’ят.

вар’яце́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. вар’яцець.

вар’яце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Траціць розум, даходзіць да псіхічнага расстройства.

2. перан. Бурна і хаатычна праяўляцца. Громы з перунамі вар’яцелі, зліваючыся ў адну суцэльную кананаду. Якімовіч. Вар’яцеў.. Сож. Шалела завіруха, Маланкі бліскалі, а дождж, А град сек доўга, глуха. Куляшоў.

вар’я́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы вар’яту; такі, як у вар’ята. Вар’яцкі смех. Вар’яцкія вочы. □ [Іван] прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык. Быкаў.

2. Неразумны, шалёны; дзікі. Вар’яцкія ідэі, планы.

3. перан. Разм. Які характарызуецца крайняй ступенню праяўлення, выключны (па сіле, велічы, напружанасці). Вар’яцкая злосць. □ Мы перамаглі буру, вар’яцкую сілу стыхіі і хутка паднімем парус зваротнага плавання. Гамолка.